Лінкі ўнівэрсальнага доступу

YouTube выдаліў каналы дзяржСМІ, улады прыгразілі мерамі ў адказ

абноўлена
Слухаць аўтаматычную начытку
5 min

Гэтае аўдыё чытае аўтаматычны апавядальнік

Даведацца болей

YouTube
YouTube

YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай».

Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка».

«Сёньня відэахостынг YouTube амэрыканскай кампаніі Google выдаліў беларускія каналы БЕЛТА, СТВ і АНТ. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь нэгатыўна ацэньвае гэты недружалюбны і беспадстаўны крок і пакідае за сабой права на прыняцьцё неабходных мераў рэагаваньня», — заявілі ў Мінінфарме.

«YouTube, здаецца, зрабіў апошнія крокі да прызнаньня экстрэмісцкай пляцоўкай і поўнай блякіроўкі ў Беларусі. Амаль усе асноўныя дзяржаўныя YouTube-каналы Беларусі (БЕЛТА, АНТ, СТВ) выдаленыя зь YouTube!» — заявілі ў Белдзяржтэлерадыёкампаніі.

Каналы Белдзяржтэлерадыёкампаніі на YouTube пакуль даступныя.

Дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА паведаміла, што каналы былі выдаленыя 3 красавіка «адміністрацыяй відэахостынгу» з прычыны санкцый. Пры гэтым дадала, што БЕЛТА не знаходзіцца пад санкцыямі.

Тэлеканал СТВ таксама адрэагаваў на выдаленьне свайго каналу.

«YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — заявілі ў СТВ.

На тэлеканале АНТ адзначылі, што не атрымлівалі ніякіх апавяшчэньняў.

«Ніякіх дадатковых тлумачэньняў плятформа не дала. Падобнае блякаваньне азначае ня проста часовае абмежаваньне доступу, а поўнае фізычнае выдаленьне з сэрвераў велізарных архіваў навінавых выпускаў, аналітычных праграмаў і дакумэнтальных цыкляў, якія назапашваліся гадамі і зьбіралі дзясяткі мільёнаў праглядаў», — заявілі ў АНТ.

Адзін з найбуйных прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў у адказ на выдаленьне каналаў дзяржСМІ заклікаў задумацца аб працы відэахостынгу ў Беларусі краіне.

«Што ж, амэрыканцы самі нас падштурхоўваюць да таго, каб мы пайшлі расейскім шляхам у дачыненьні да варожых пляцовак», — напісаў ТГ-канал.

Адрэагаваў і старшыня кіраўніцтва праўладнага Беларускага сюзу журналістаў Андрэй Крывашэеў. Ён абяцае, што арганізацыя будзе скардзіцца ва ўсе міжнародныя інстанцыі:

«Беларускі саюз журналістаў абураны актам інфармацыйнага вандалізму і палітычна матываванай цэнзуры з боку антысацыяльнай плятформы YouTube... Нацыянальная мэдыясупольнасьць працягне размаўляць са сваім беларускім народам на іншых плятформах. Заклікаем нашых калег у парлямэнце і Міністэрстве інфармацыі прыняць усе неабходныя захады для абароны законных правоў і інтарэсаў беларускіх журналістаў».

Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто спажываў кантэнт незалежных мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі. Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG