Як паведамілі ў апэратыўным штабе Краснадарскага краю, параненыя тры чалавекі і пашкоджаны нейкі «тэхнічны карабель». На прычале ўзьнік пажар, яго апэратыўна зьліквідавалі. Пацярпелых шпіталізавалі.
Акрамя таго, у апэратыўным штабе пацьвердзілі інфармацыю, якая зьявілася раней у сацыяльных сетках, аб удары па Афіпскім нафтаперапрацоўчым заводзе, у выніку чаго ўзьнік пажар. Паводле зьвестак штабу, пацярпелых няма, але «загарэліся тэхнічныя ўстаноўкі». Пажар у раёне Афіпскага НПЗ зафіксаваны на інтэрактыўнай мапе маніторынгавага сэрвісу NASA FIRMS, які адсочвае тэмпэратурныя анамаліі практычна ў рэжыме рэальнага часу.
Тэлеграм-канал SHOT паведамляе з словаў мясцовых жыхароў, што выбухі ў Краснадарскім краі пачаліся каля гадзіны ночы, усяго прагучала больш за дзесятак выбухаў у розных раёнах. Мясцовы аэрапорт быў закрыты.
І на порт «Каўказ», і на Афіпскі НПЗ у мінулым ужо ня раз наносілі ўдары ўкраінскія дроны. Паводле некаторых паведамленьняў, новую атаку ў ноч на суботу зазнаў таксама завод «КуйбышаўАзот» у горадзе Тальяці — у ноч на сераду ён ужо быў цэльлю ўкраінскага ўдару.
У справаздачы Міністэрства абароны Расеі гаворыцца, што ў ноч на 14 сакавіка дзяжурныя сілы СПА перахапілі і зьнішчылі 87 украінскіх дронаў, у тым ліку 31 — над Азоўскім морам і 16 — над Краснадарскім краем.
Форум