Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэнтраваная атака РФ на Кіеўшчыну. Ёсьць загінулыя і параненыя

Пажарнікі на месцы расейскага ўдару ў горадзе Бравары, Кіеўская вобласьць, Украіна, 14 сакавіка 2026 году
Пажарнікі на месцы расейскага ўдару ў горадзе Бравары, Кіеўская вобласьць, Украіна, 14 сакавіка 2026 году

У ноч на суботу расейскія войскі нанесьлі масаваны ўдар ракетамі і дронамі па Ўкраіне. У Кіеўскай вобласьці загінулі чатыры чалавекі, яшчэ 15 атрымалі раненьні — трое параненых знаходзяцца ў цяжкім стане. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Мікалай Калашнік.

Паводле яго, пад абстрэл трапілі чатыры раёны вобласьці. «Больш за ўсё пашкоджаньняў у Абухоўскім і Браварскім раёнах. Цяпер ёсьць інфармацыя аб прыкладна 30 пашкоджаных аб’ектах», — напісаў Калашнік.

У Вышгарадзкім раёне пашкоджаны шматпавярховікі і складзкія памяшканьні. У Браварскім раёне — два прыватныя дамы, інтэрнат, нежылыя, офісныя і вытворчыя будынкі, памяшканьне рэстарана, гаражны каапэратыў. У Абухаўскім раёне пашкоджаны дзьве школы і дзіцячы садок, тры прыватныя жылыя дамы, шматпавярховік, нежылыя і вытворчыя памяшканьні. У Бучанскім раёне пашкоджаны прыватны дом.

Выданне «Insider.ua» піша, што мэтай атакі сталі Трыпольская ЦЭС і падстанцыя ў Налівайкаўцы, якая забясьпечвае сувязь Кіева з Ровенскай АЭС. У Кіеўскай вобласьці ўведзены надзвычайныя адключэньні электраэнэргіі. Кіеўская гарадзкая адміністрацыя піша ў сваім тэлеграм-канале, што ў выніку начнога расейскага абстрэлу на некаторых участках спыніўся рух тралейбусаў.

Зьявіліся першыя паведамленьні аб праблемах зь сьвятлом у Кіеве і Кіеўскай вобласьці. З іншых рэгіёнаў Украіны таксама прыходзяць паведамленьні аб увядзеньні больш жорсткіх графікаў адключэньня электрычнасьці.

Расейскі дрон атакаваў цягнік у Харкаўскай вобласьці. Бесьпілётнік ударыў па прыгарадным цягніку, пашкоджаны цеплавоз. Машыніст і яго памочнік параненыя, пасажыры не пацярпелі.

У Сумах пад абстрэлы патрапіў прыватны сэктар, пашкоджаны прыватныя дамы, пачаўся маштабны пажар, паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў.

Па дадзеных Паветраных сіл УСУ, у ноч на 14 сакавіка Расея выкарыстала для нападу на Украіну 430 ударных дронаў і 68 ракет розных тыпаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG