Актыўнасьць мігрантаў, якія імкнуцца незаконна перасекчы межы краін Эўразьвязу з тэрыторыі Беларусі, узрастае, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз статыстычных зьвестак памежных ведамстваў эўрапейскіх дзяржаў.
За 20 дзён лютага суседнія краіны ЭЗ спынілі 37 спробаў парушэньня мяжы з тэрыторыі Беларусі (Польшча — 24, Літва — 11, Латвія — 2). За ўвесь студзень такіх спробаў было 28 (Польшча — 13, Літва — 11, Латвія ў першым месяцы году парушэньняў не фіксавала).
Пры гэтым за пачатак 2026 году агулам такіх спробаў у 14 разоў менш, чым за аналягічны пэрыяд 2025-га, калі іх было 909 (Польшча — 628, цяпер паказчык ніжэйшы ў 17 разоў; Літва — 87, цяпер ніжэйшы ў 3,3 разу; Латвія — 194, цяпер ніжэйшы ў 97 разоў).
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін Эўразьвязу цягнецца зь вясны 2021 году. Улады эўрапейскіх дзяржаў называюць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўразьвяз празь Беларусь, бо іх туды нібыта «паклікалі».
Форум