Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне і Малдове затрымалі агентаў, якія рыхтавалі забойствы ўкраінскіх журналістаў і замежных добраахвотнікаў

Паліцыянты Ўкраіны і Малдовы ў часе затрыманьня групоўкі, якая на заказ Расеі плянавала рэзанансныя забойствы ва Ўкраіне.
Паліцыянты Ўкраіны і Малдовы ў часе затрыманьня групоўкі, якая на заказ Расеі плянавала рэзанансныя забойствы ва Ўкраіне.

Праваахоўныя органы Ўкраіны і Малдовы затрымалі 10 чалавек з «агентурна-баявой групы Расеі», якая рыхтавала рэзанансныя забойствы на ўкраінскай тэрыторыі.

Як адзначаецца ў паведамленьні Службы бясьпекі Ўкраіны, спэцыяльная апэрацыя атрымала кодавую назву «Энігма 2.0», у яе межах правялі больш за 20 ператрусаў у розных рэгіёнах Украіны.

Ва Ўкраіне затрымалі 7 чалавек і яшчэ траіх — у Малдове. На чале гэтай групоўкі, якая плянавала забойствы ўкраінскіх журналістаў, актывістаў, кіраўніка стратэгічнага прадпрыемства, прадстаўніка вайсковай выведкі і байцоў Інтэрнацыянальнага легіёну, быў 34-гадовы рэцыдывіст з Малдовы. Сярод затрыманых — грамадзяне Малдовы, Украіны, краін Эўразьвязу і непрызнанага Прыднястроўя.

Паводле СБУ, фігуранты распрацоўвалі розныя сцэнары забойстваў — ад расстрэлаў да падрыву аўтамабіляў. За рэалізацыю ім абяцалі да 100 тысяч даляраў, залежна ад статусу забітага чалавека.

У паведамленьні адзначаецца, што расейскія спэцслужбы завэрбавалі галоўнага фігуранта, калі ён адбываў пакараньне ў расейскай турме. Потым яго адправілі ў Малдову для фармаваньня «агентурна-баявой групы». У яе склад ён падбіраў аднадумцаў з пракрамлёўскімі поглядамі і сярод людзей з вайсковым досьведам.

Далей усіх агентаў падзялілі на групы — адна адсочвала знаходжаньне і расклад дня патэнцыйных ахвяраў, іншая — уласна кілеры, якія мелі ўчыніць забойства. Ва Ўкраіну іх перакінулі пад выглядам турыстаў, а потым разьмяркоўвалі ў арэндаваных кватэрах у розных рэгіёнах Украіны. Грошы яны атрымлівалі праз крыптагаманцы і замежныя банкаўскія карткі.

Агенты сачылі за сваімі ахвярамі пад выглядам кур’ераў сэрвісаў дастаўкі ежы, здымалі фота і відэа аб’ектаў замаху, пазначалі іхныя месцы знаходжаньня на google-мапах і перадавалі інфармацыю кіраўніку групы.

Генэральны пракурор Украіны Руслан Краўчанка паведаміў, што сярод патэнцыйных ахвяраў быў Андрэй Юсаў — прадстаўнік вайсковай выведкі ў пытаньнях стратэгічнай камунікацыі, намесьнік кіраўніка Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.

Затрыманым абвясьцілі падазрэньні адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу — падрыхтоўка да наўмыснага забойства на заказ і незаконнае абыходжаньне з зброяй і выбуховымі рэчывамі. Ім пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне з канфіскацыяй маёмасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG