Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі з-за санкцый перасталі працаваць карткі Paysera

Paysera
Paysera

Вядомая служба аплаты адключыла падтрымку беларускіх спажыўцоў.

Уладальнікі картак Paysera пачалі атрымліваць лісты ад службы пра спыненьне апэрацый. Там гаворыцца, што прычынай сталі «дзейныя санкцыі і нарматыўныя абмежаваньні». У выніку ўсе апэрацыі па картках унутры Беларусі адключаныя яшчэ з 11 лютага.

Кампанія таксама паведаміла кліентам пра тое, што да іх можна зьвяртацца ў выпадку патрэбы альтэрнатыўных спосабаў аплаты і іншых пытаньняў.

Paysera была апошнім літоўскім банкам, карткамі якіх яшчэ можна было разьлічвацца ў Беларусі, піша выданьне «Белорусы и рынок». Для многіх гэта быў зручны інструмэнт — зарплата або даход у Эўразьвязе, магчымасьць аплачваць выдаткі дома. Цяпер гэты канал зачынены.

За апошнія гады эўрапейскія банкі і фінтэх-кампаніі паступова рабілі больш жорсткай працу з грамадзянамі Беларусі.

Revolut узмацняў праверкі і закрываў рахункі пры адсутнасьці пацьверджанага статусу рэзыдэнта ЭЗ. Wise абмяжоўваў адкрыцьцё новых уліковых запісаў і ўскладняў вэрыфікацыю.

Асобныя банкі ў Літве і Польшчы спынялі абслугоўваньне кліентаў без доўгатэрміновага дазволу на жыхарства ці грамадзянства Эўразьвязу.

Летась многія нэабанкі закрылі рахункі беларусам, адкрытыя па працоўных візах D. Кожны такі крок выглядае як тэхнічнае рашэньне. Але ў суме гэта сыстэмны працэс, адзначае выданьне. Альтэрнатыўныя варыянты паступова зьнікаюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG