У апублікаваных дакумэнтах ёсьць візавыя анкеты, якія Джэфры Эпштэйн запаўняў перад прыездам у Беларусь. Ён падаваў дакумэнты на атрыманьне кароткатэрміновай візы ў 2016 годзе.
У анкеце пазначаныя пашпартныя зьвесткі, пасада прэзыдэнта Southern Trust Company на Віргінскіх астравах і адрас жыхарства Эпштэйна на іх.
Дата меркаванага візыту ў анкеце — 3–8 траўня 2016 году. У графе «Мэта візыту» ад рукі напісана: «Пошук бізнэсу для інвэставаньня».
Асоба, якая запрашае Эпштэйна, жыве пад адрасам: Менск, вуліца Карыцкага, дом 8, кватэра 5. Гэта адрас сям’і беларускі Карыны Шуляк, якая вучылася ў Беларускім дзяржаўным мэдычным унівэрсытэце. Яна некалькі гадоў была дзяўчынай Эпштэйна і падтрымлівала кантакт зь ім да самай ягонай сьмерці ў турме.
Газэта Daily Mail раней пісала, што Эпштэйн аплаціў дарагое лячэньне маці Карыны і дапамог з грашыма для дому яе бацькоў, якія жылі ў Менску.
Сярод файлаў ёсьць і ліст самой Карыны Шуляк у генэральнае консульства Беларусі ў Нью-Ёрку, высланы 24 красавіка 2016 году. Гэта суправаджальны ліст да пакету дакумэнтаў для заяўкі на візу. Шуляк запэўнівае консульства, што гэта яна запрашае Эпштэйна наведаць Менск разам зь ёю 3–8 траўня і што ён будзе жыць гэтыя дні разам зь яе сям’ёй. Прычынай візыту дзяўчына называе тое, што Эпштэйн «зьбіраецца купіць кватэру» ў Менску.
Выданьне «Люстэрка» знайшло сярод апублікаваных дакумэнтаў ліставаньне Карыны Шуляк праз электронную пошту з памочніцай Эпштэйна — Лэсьлі Гроф. Чатыры файлы датаваныя 7 і 8 верасьня 2015 году. Шуляк пісала, што «Джэфры хоча новую беларускую візу», якую трэба аформіць у паскораным парадку, і яна ўжо заўтра панясе яго дакумэнты ў пасольства, а таму просіць Гроф тэрмінова падрыхтаваць візавую заяўку і іншыя паперы.
З абмеркаваньня дэталяў вынікае, што Эпштэйн раней ужо меў беларускую візу, але не наведаў краіну. Шуляк папрасіла ўказаць працягласьць запытанай візы ў 90 дзён — з 11 верасьня па 8 сьнежня, а працягласьць заплянаванага візыту — 15 дзён. Таксама яна папрасіла Гроф упісаць у анкету якія-небудзь авіярэйсы, якімі мільянэр нібыта паляціць у Менск (купляць квіткі для візы не патрабавалася).
У дакумэнтах няма інфармацыі, ці атрымаў Эпштэйн візу тым разам і ці наведваў Беларусь у гэты пэрыяд. Але пазьней яму спрабавалі аформіць візу на травень 2016 году.
- Джэфры Эпштэйн — фінансіст, якога абвінавачвалі ў стварэньні сеткі вэрбаваньня і сэксуальнай эксплюатацыі непаўналетніх дзяўчат, што дзейнічала шмат гадоў. У 2005 годзе Эпштэйна першы раз арыштавалі па абвінавачваньні ў разбэшчваньні 14-гадовай дзяўчынкі, паліцыя выявіла дзясяткі меркаваных ахвяраў, аднак пракуратура таемна ад ахвяраў дамовілася аб пазасудовай угодзе, фінансіст атрымаў 1,5 году турмы і дазвол рэгулярна адлучацца зь яе ў сваіх справах. У 2019 годзе Эпштэйн быў зноў арыштаваны ФБР і пакончыў з сабой у турме, будучы пад арыштам. Яго саўдзельніца Гісьлейн Максвэл асуджаная ў 2021 годзе і адбывае 20-гадовы тэрмін.
Форум