Аналітыкі банка мяркуюць, што ён складзе 1,8%. Рухавіком росту ў 2025 годзе стаў унутраны попыт беларусаў, паведаміў ЭАБР.
«Прырост эканомікі Беларусі склаў у выніку 2025 году 1,3% дзякуючы моцнаму ўнутранаму попыту — раздробны продаж павялічыўся на 6,6%. Спад попыту на прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў у Расеі і прывёў да зьніжэньня выпуску ў прамысловасьці на 1,8%. Ва ўмовах заплянаваных урадам інвэстыцыйных праектаў і падвышэньня эканамічнай актыўнасьці ў Расеі чакаем прыросту ВУП на 1,8% у 2026 годзе», — заяўлена ў макрааглядзе.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў прырост ВУП у 2026 годзе на 2,8%.
Эўразійскі банк разьвіцця мяркуе, што «стрымальным фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю праз запаволеньне эканомікі ключавога гандлёвага партнэра — Расеі. Пры гэтым высокія інвэстыцыйная і спажывецкая актыўнасьць падтрымліваюць рост эканомікі».
Інфляцыя за 2025 год у Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%. Такія зьвесткі раней апублікаваў Белстат. Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, ухвалены ўрадам на 2025 год, прадугледжваў, што інфляцыя не павінна перавысіць узровень 5 працэнтаў. Але за год цэны, прыкладам, на прадукты харчаваньня вырасьлі на 9%.
Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) раней палічыў у сваім макраэканамічным прагнозе, што сёлета інфляцыя ў Беларусі будзе каля адзнакі 7%. Яе паскорыць прыход з Расеі ціску цэнаў і дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Такі ж прагноз даў і ўрад Беларусі.
Сярэдні курс беларускага рубля ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 3,32 руб./даляр. Памяркоўнае паслабленьне курсу зьвязана з ростам імпарту і скарачэньнем экспарту тавараў.