Як паведаміла міністэрства спорту Беларусі ў сваім тэлеграм-канале, беларусы атрымалі яшчэ дзьве ліцэнзіі на зімовыя Алімпійскія гульні ў Міляне – Картыне ў лыжнай акрабатыцы:
«Магчымасьць выступіць на плянаваных стартах у фрыстайле зараз ёсьць у Ганны Дзяругі і Анастасіі Андрыянавай. Раней на Гульні-2026 адабралася чэмпіёнка Алімпіяды-2018 Ганна Гуськова».
Такім чынам, на гэты момант вядома, што на XXV зімовыя Алімпійскія гульні ў Міляне і Картыне-д’Ампэцца прайшлі адбор 7 спартовак зь Беларусі з нэўтральным статусам:
- гарналыжны спорт — Марыя Шканава,
- канькабежны спорт — Марына Зуева,
- лыжныя гонкі — Ганна Каралёва,
- фігурнае катаньне — Вікторыя Сафонава,
- фрыстайл (лыжная акрабатыка) — Ганна Гуськова, Ганна Дзяруга, Анастасія Андрыянава, — паведаміла міністэрства спорту.
У кастрычніку FIS (Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту) абвясьціла, што захоўвае забарону на ўдзел спартсмэнаў зь дзьвюх краін у Гульнях у Міляне — Картыне. Але спартовы арбітражны суд пазьней скасаваў гэтую забарону, адкрыўшы расейцам і беларусам магчымасьць спрабаваць кваліфікавацца на лыжныя спаборніцтвы, якія складаюць больш за палову праграмы зімовых Гульняў.
FIS забараніла спартоўцам зь дзьвюх краін ўдзельнічаць у спаборніцтвах у лыжных гонках і сноўбордынгу пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Сьпіс спартоўцаў зь дзьвюх краін, якім дазволена спаборнічаць пад нэўтральным сьцягам, імаверна, павялічыцца.
Міжнародны алімпійскі камітэт абвясьціў у верасьні, што спартоўцам з Расеі і Беларусі будзе дазволена спаборнічаць на Алімпіядзе пад нэўтральным сьцягам, калі яны будуць адпавядаць строгім умовам.
Гэта ўдзел толькі ў індывідуальных відах спорту і праходжаньне праверак, каб даказаць, што яны актыўна не падтрымлівалі вайну ва Ўкраіне і ня мелі ніякіх сувязяў з арміяй.
Такія ж умовы дзейнічалі і на летніх Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы, на якіх спаборнічалі 15 расейцаў і 17 беларусаў, якія разам заваявалі пяць мэдалёў.
На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.
Беларускія фрыстайлісты з 1998 году заваёўвалі мэдалі на ўсіх Алімпіядах.
Спрэчкі пра нэўтральны статус
Асобныя фэдэрацыі відаў спорту безумоўна забаранілі беларускім і расейскім атлетам удзел у турнірах, у тым ліку алімпійскай кваліфікацыі. Так, у прыватнасьці, зрабілі міжнародныя фэдэрацыі біятлёну і лыжаў. Тады ж складанасьці паўсталі й перад паралімпійцамі ў розных відах спорту.
Некаторыя рашэньні пра допуск спартоўцаў зь дзьвюх названых дзяржаваў выклікалі пратэсты Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны. Гэта тычыцца ня толькі зімовых відаў спорту. Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і Міністэрства моладзі й спорту краіны ўключылі беларускую гімнастку Аліну Гарноську і батутыста Івана Літвіновіча ў сьпіс для ўвядзеньня супраць іх санкцыяў і забароны на ўдзел у міжнародных спаборніцтвах.
Беларускія спартоўцы апынуліся ў сьпісе разам з васьмю расейскімі атлетамі, якія ўдзельнічаюць у «прапагандысцкіх захадах і, нягледзячы на гэта, атрымліваюць нэўтральны статус і працягваюць браць удзел у міжнародных спаборніцтвах». Цяпер на падставе гэтай інфармацыі Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны будзе дабівацца забароны ім удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.