Эўразьвяз плянуе ўвесьці тарыфы на тавары са Злучаных Штатаў ці абмежаваць дзейнасьць амэрыканскіх кампаніяў на сваёй тэрыторыі, калі Дональд Трамп увядзе 10-працэнтныя тарыфы супраць васьмі эўрапейскіх краін за іх пазыцыю ў пытаньні Грэнляндыі, піша Der Spiegel.
Паводле прэзыдэнта Эўрапейскай рады Антонію Кошты, бліжэйшымі днямі ў Брусэлі адбудзецца незаплянаваны саміт кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ, каб распрацаваць супольны адказ на пагрозы ЗША.
Паводле Reuters, сустрэча заплянаваная на 22 студзеня, адным з магчымых сцэнароў можа быць увод тарыфаў у адказ на віскі, авіяцыйныя дэталі, сою, мяса птушкі, іншыя амэрыканскія тавары на суму 93 мільярды эўра.
Раней стала вядома, што трансатлянтычнае гандлёвае пагадненьне паміж ЭЗ і ЗША ня будзе ўхваленае ў Брусэлі пасьля таго, як Дональд Трамп выступіў з пагрозай увесьці 10-працэнтныя тарыфы на імпарт зь Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Даніі, Нідэрляндаў, Нарвэгіі, Фінляндыі, Францыі й Швэцыі.
Пагадненьне мела ўвесьці для ЗША тарыф у 15% на імпарт з ЭЗ у абмен на адмову эўрапейскай супольнасьці ад мытаў на амэрыканскі экспарт. Трамп заявіў, што восем эўрапейскіх краін будуць плаціць мыты, пакуль ня будзе дасягнута пагадненьне аб перадачы Грэнляндыі ЗША.
Грэнляндыю Трамп зрабіў адным з прыярытэтаў сваёй замежнай палітыкі. Ён адкрыта спрабуе далучыць да тэрыторыі Злучаных Штатаў найбольшы ў сьвеце востраў, які ўваходзіць у склад Дацкага каралеўства. Данія папрасіла дапамогі ў іншых эўрапейскіх дзяржаваў, і некаторыя ўжо прыслалі сваіх вайскоўцаў на востраў. Але нямецкія вайскоўцы неўзабаве пасьля заявы Трампа аб увядзеньні тарыфаў сабраліся пакінуць Грэнляндыю.
Трамп настойвае на тым, што Данія ня робіць амаль нічога для бясьпекі Грэнляндыі, і гэта нясе небясьпеку для тэрыторыі ЗША, бо адтуль Амэрыцы нібыта могуць пагражаць Расея і Кітай.
Злучаныя Штаты раней ужо спрабавалі ўзяць Грэнляндыю пад свой кантроль, потым на доўгія гады наступіла цішыня, пагатоў ЗША і Данія разам уваходзяць у NATO і лічацца хаўрусьнікамі. Трамп аднавіў старыя прэтэнзіі амэрыканскай дзяржавы на Грэнляндыю.
Форум