«Калі Іран будзе страляць і жорстка забіваць мірных пратэстоўцаў, як гэта звычайна робіць, Злучаныя Штаты Амэрыкі прыйдуць ім на дапамогу. Мы гатовыя дзейнічаць», — напісаў амэрыканскі лідэр у сваёй сацыяльнай сетцы Truth 2 студзеня.
Заява прэзыдэнта ЗША прагучала на шосты дзень пратэстаў у Іране, якія праходзяць у розных гарадах краіны, піша Радыё Фарда (іранская служба Радыё Свабода).
The Wall Street Journal раней заклікала адміністрацыю Трампа аказаць падтрымку пратэстоўцам у Іране. Выданьне папярэдзіла Дональда Трампа ад паўтарэньня «памылкі Барака Абамы», маючы на ўвазе маўчаньне ўрада ЗША ў 2009 годзе аб падаўленьні іранскіх пратэстаў у надзеі дасягнуць ядзернай угоды з Тэгеранам.
Чыноўнікі Ісламскай Рэспублікі не паведамляюць пра колькасьць магчымых ахвяр пратэстаў, а дзяржаўныя СМІ, у тым ліку блізкія да Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі, паведамляюць як мінімум пра пяць загінулых. Многія з гэтых людзей загінулі ў выніку стральбы сіл бясьпекі і паліцыі.
У эксклюзіўным адказе для Радыё Фарда Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША падкрэсьліў, што ўрад Ірана марнуе багацьце краіны на тэрарызм, і таму гнеў іранскага народа зразумелы. У заяве гаворыцца, што Ісламская Рэспубліка дзесяцігоддзямі ігнаравала патрэбы народа, каб «выдаткоўваць мільярды долараў на сваіх тэрарыстычных памагатых і ядзерную дзейнасьць».
Пратэсты пачаліся ў Тэгеране 28 сьнежня. Яны былі выкліканы абвалам абменнага курсу іранскай валюты, калі долар ЗША і інфляцыя вырасьлі да 52 працэнтаў. Пазьней пратэсты распаўсюдзіліся на некалькі рэгіёнаў.
Дзяржаўныя СМІ і міжнародныя праваабарончыя групы паведамілі пра як мінімум сем загінулых і дзясяткі параненых у сутыкненьнях паміж дэманстрантамі і сіламі бясьпекі 1 студзеня, хоць урадавыя інфармацыйныя агенцтвы абвінавацілі ў гвалце тых, каго яны назвалі «беспарадкамі».
Форум