Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год беларускага трыюмфу. Як беларусы стваралі сваю краіну


Плошча Свабоды ў Менску ў 1926 годзе. Паштоўка з кнігі
«Мінск. Падарожжа ў часе» (2008)
Плошча Свабоды ў Менску ў 1926 годзе. Паштоўка з кнігі «Мінск. Падарожжа ў часе» (2008)

Пераглядаючы налетнія юбілейныя даты, я заўважыў, што 100 гадоў споўніцца самаму пасьпяховаму ў гісторыі Беларусі году — 1926-му.

Тады ў БССР для разьвіцьця краіны і нацыі склаліся ўмовы найбольшае адноснае свабоды. Праўда, нікуды ня дзелася і палітычная паліцыя ГПУ (КГБ).

Дарэчы, у 1926-м ад сардэчнага ўдару памёр яе стваральнік і кіраўнік Фэлікс Дзяржынскі. Але ў Беларусі чэкісты быццам стаіліся, і ўсім хацелася верыць, што яны адступілі і што маскоўскага прыгнёту больш ня будзе. На дзяржаўных пасадах апынуліся прабеларускія людзі, якія праводзілі палітыку беларусізацыі, калі зь вялікім энтузіязмам фармавалася новая свая краіна, калі ў БССР ехалі адусюль выбітныя дзеячы навукі і культуры і займалі тут кіроўныя пасады.

Трыюмф беларушчыны

17 студзеня ў Менску пачаўся Першы зьезд дасьледнікаў беларускай археалёгіі і археаграфіі. 60 дэлегатаў і гасьцей пастанавілі ахоўваць помнікі археалёгіі і зьвярнуцца да ўраду, каб вярнуць у Беларусь бібліятэкі Храптовіча і Полацкай уніяцкай сэмінарыі, вывезеныя ў Кіеў, бібліятэку М. Х. Каладзеева па беларусазнаўству і гісторыі вайны 1812, якая знаходзілася ў Маскоўскім гістарычным музэі.

Цалкам лягічна размову пра краіну з 1000-гадовай гісторыяй пачынаць са старажытнасьцяў.

Гэта быў толькі пачатак новай Беларусі, найбольшы і ініцыяваны дзяржавай уздым

А ўжо 7 лютага ў Менску пачаўся Першы Ўсебеларускі краязнаўчы зьезд. Тут ужо было 146 дэлегатаў ад Інбелкульту, Цэнтральнага бюро краязнаўства, музэяў і 167 краязнаўчых арганізацый. Трэба ўявіць сабе незвычайны краязнаўчы ўздым на дзяржаўным узроўні. Гэта зусім ня тое краязнаўства, якому пазьней быў створаны вобраз «вясковага дзівака». Гэта насамрэч і ёсьць пачатак краіны, усіх яе навук, яе эканомікі і культуры, якія ідуць ад жывога жыцьця. Краязнаўства спрадвеку і да сталінскіх расстрэлаў было самым беларускім заняткам. Каб пачаць гаспадарыць, трэба вывучыць сваю гаспадарку, агледзецца.

26 траўня ствараецца літаратурна-мастацкае згуртаваньне «Ўзвышша». Пісьменьнікі на чале з Кузьмом Чорным уласна літаратуру ставілі вышэй за ўсякія партыйныя задачы, таму пазьней крытыкі назавуць гэтае згуртаваньне антысавецкім.

І ў той самы дзень у Вільні засноўваецца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, адукацыйна-асьветная ўстанова, якая была супраць камуністаў і супраць фашыстаў, і займалася, між іншым, адкрыцьцём школаў у Заходняй Беларусі (пад польскай уладай). А мясьціўся Інстытут на Вострабрамскай 6 у будынку псэўдарускага стылю.

14 лістапада ў Менску пачалася Акадэмічная канфэрэнцыя ў пытаньнях рэформы правапісу й азбукі, якая сабрала шмат удзельнікаў і гасьцей з усяго сьвету. Канфэрэнцыя стала сьвятам інтэлектуалізму, яна была і застаецца беспрэцэдэнтнай падзеяй у гісторыі беларускай мовы.

21 лістапада ў Віцебску адкрыўся Другі беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2), які носіць імя Якуба Коласа.

А 6 сьнежня адбылося Другое ўзбуйненьне БССР. Расея перадала Беларусі Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Насельніцтва БССР павялічылася на 649 тысяч чалавек.

26 сьнежня выйшаў на экраны першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль».

«Трыюмфам беларушчыны» я назваў гэты разьдзел таму, што гэта быў толькі пачатак новай Беларусі, найбольшы і ініцыяваны дзяржавай уздым. І гэта было апошняе ўзьнясеньне перад катастрофай. Большасьць удзельнікаў гэтых падзеяў неўзабаве будуць расстраляныя ці высланыя на катаргу ў Сібір. Пачнецца прафанацыя самога нацыянальнага арганізму — прыроднай беларушчыны: мовы, культуры, маралі, эстэтыкі…

СМІ

15 студзеня — у Вільні выйшаў першы нумар сатырычнага часопіса «Маланка». Часопіс быў ілюстраваны карыкатурамі і ўрэшце польскія ўлады яго зачынілі.

3 лютага — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Беларускае слова», грамадзка-палітычнае і літаратурнае выданьне. Згадваю яе, бо для сучаснага чытача прагучыць нечакана, што гэта была беларуская буржуазная газэта. Стэрэатып, навязаны тагачаснай прапагандай (беларус, значыць, бальшавік), разьбіваецца аб рэальнасьць, бо тут беларусы — капіталісты. Выдавала газэту Беларуская нацыянальная рада. Адказны рэдактар Тодар Вернікоўскі. Усяго за два гады выйшла 74 нумары.

19 чэрвеня — у Вільні выйшаў першы нумар газэты «Народная справа». Гэта быў орган стотысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады, ён зьявіўся замест закрытай польскімі ўладамі «Беларускай справы». У Заходняй Беларусі газэты мянялі назвы часта і ўвогуле іх выходзіла вельмі шмат. Іншых мэдыяў фактычна не было. «Народнай справы» выйшла 39 нумароў.

Між іншым…

У 1926-м выходзяць з друку сугучныя назвамі кнігі Янкі Маўра «У краіне райскай птушкі» і Эрнэста Хэмінгуэя «Фэст. І ўзыходзіць сонца», а ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры становіцца Бэрнард Шоў.

Адбыліся і сышлі

21 студзеня — у Вільні на вуліцы каля рэдакцыі газэты «Грамадзкі голас» раптоўна памёр яе рэдактар Язэп Салавей, журналіст і палітык.

11 сакавіка — памёр Станіслаў Нарбут, вучоны-мэдык, лекар. Абараніў доктарскую дысэртацыю пра каўтун — «хваробу беднякоў». Збудаваў у Браславе першаклясную для свайго часу клініку. І пахаваны ён у Браславе на Замкавай гары.

16 траўня 1926 — у Вільні памёр Казімер Сваяк, каталіцкі сьвятар і паэт. Пахаваны на могілках Росы (там, дзе і Каліноўскі з паплечнікамі).

Мэмарыяльная шыльда ў гонар беларускага сьвятара і паэта Казіміра Сваяка ў Вільні
Мэмарыяльная шыльда ў гонар беларускага сьвятара і паэта Казіміра Сваяка ў Вільні

Прышлі, каб адбыцца

Непараўнальна болей вядомых людзей 100 гадоў таму нарадзілася, чым памерла, і хоць іх дасягненьні далёка наперадзе, але на сёньняшні дзень усе яны ўжо адбыліся.

14 студзеня — нарадзіўся Янка Філістовіч, сымбаль беларускага паваеннага супраціву, расстраляны МГБ (КГБ) у 1953-м.

Таксама ў 1926-м нарадзіліся Міхась Міцкевіч, сын Якуба Коласа, зьберагальнік яго спадчыны і памяці; Лідзія Вакулоўская, пісьменьніца, дысыдэнтка пад перасьледам КГБ; Надзея Дземідовіч, удзельніца Саюзу беларускай моладзі (СБМ), вязень ГУЛАГу; Барыс Стральцоў, журналіст, «кароль нарысу», выкладчык журфаку; Васіль Супрун, кіраўнік паваеннага моладзевага падпольля («Чайка»), паэт, краязнавец, вязень ГУЛАГу; Барыс Аракчэеў, мастак жывапісец.

25 красавіка — нарадзіўся Яфрэм Сакалоў, кіраўнік БССР (1987-90). Яго кіраваньне прыпала на самы пік народнага ўздыму ў перастройку. Сакалова ведалі як ініцыятара васьміпавярховых сьвінарнікаў. Рыгор Барадулін напісаў верш «Сьвінафэрма Сакалова называецца ЦК». Хадзіла пагалоска, што калі ён быў яшчэ кіраўніком Берасьця, там рыхтавалі абласны тэатар да нейкага партыйнага сходу і над сцэнай павесілі цытату з Максіма Горкага «Человек — это звучит гордо». Сакалоў, пабачыўшы надпіс, запатрабаваў дадаць слова «советский» — «Советский человек — это звучит гордо»… Памятаю вялізны мітынг на цяперашняй плошчы Незалежнасьці, быў марозны дзень і гучалі гарачыя прамовы. Залез выступаць і Сакалоў — маленькі напалоханы чалавек, які сказаў фразу: «Не нада драматізіравать» (ён картавіў). У адказ з розных канцоў натоўпу паляцелі крыкі: «Шапку здымі!» Бачна было, што гэта Сакалова канчаткова выбіла зь сядла, на тым і ягоны выступ скончыўся.

І яшчэ сярод народжаных 100 гадоў таму Ільля Курган, актор, дыктар радыё; Фэлікс Шкірманкоў, пісьменьнік і паэт, палітык у Слаўгарадзе; Пятро Рашэтнік, сябра СБМ, вязень ГУЛАГу; Уладзімер Кулажанка, вучоны-эканаміст, удзельнік ценевага кабінэту апазыцыі БНФ; Рыгор Масальскі, кінаапэратар шматлікіх фільмаў, у тым ліку «Палянэз Агінскага» (1971); Іван Здановіч, мовазнавец і краязнавец на Пружаншчыне; Вольга Церашчатава, мастацтвазнаўца; Алесь Адамовіч, пісьменьнік і літаратуразнаўца, грамадзкі дзяяч; Леанід Дробаў, гісторык мастацтва, мастацтвазнаўца; Аляксандар Надсан, грэка-каталіцкі сьвятар, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, перакладнік літургічных тэкстаў, навуковец, царкоўны пісьменьнік і гісторык, выдавец; Янка Запруднік, грамадзка-палітычны дзяяч, гісторык, палітоляг; Васіль Праскураў, пісьменьнік і публіцыст; Міхаіл Бурнос, сьвятар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Аўстраліі; Мікола Канаш, грамадзкі дзяяч, сябра СБМ, вязень ГУЛАГу…

Параўноўваць можна толькі нязьменныя мэтады зла — ГПУ і КГБ — якое ў 1926-м не адступіла, а толькі стаілася, каб зусім хутка абрынуць на краіну агонь татальнага зьнішчэньня. Гэтаксама, як і ў 2020-м

Не магу не згадаць, што 28 сьнежня 1926 году нарадзіўся мой бацька, Іван Дубавец — родам з падмазырскай вёскі, вэтэран мінулай вайны, франтавік, рэдактар міліцэйскай газэты, палкоўнік.

Калі параўноўваць уздымы 1926 і 2020, дык самі падзеі ставіць побач няма як. У 2020-м не памянялася ўлада, а ў 1926-м не было пратэсту, была эўфарыя стваральнае працы. Людзі тады прыйшлі, каб застацца. У 2020 не было беларусізацыі краіны, не было стварэньня, былі рэпрэсіі і прадчуваньне вялікай эміграцыі… Параўноўваць можна толькі нязьменныя мэтады зла — ГПУ і КГБ — якое ў 1926-м не адступіла, а толькі стаілася, каб зусім хутка абрынуць на краіну агонь татальнага зьнішчэньня. Гэтаксама, як і ў 2020-м.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG