Ізраіль папярэдзіў, што ў 2026 годзе прыпыніць дзейнасьць дзясяткаў гуманітарных арганізацый у сэктары Газа. Пра гэта піша DW.
Ізраільскія чыноўнікі абвінавацілі гуманітарныя арганізацыі ў невыкананьні новых патрабаваньняў да рэгістрацыі, у прыватнасьці, што тычыцца даваньня інфармацыі пра іх палестынскі пэрсанал.
Сярод 37 няўрадавых арганізацый, на якія распаўсюдзіцца забарона, — «Лекары бязь межаў» (вядомая з францускага скарачэньня MSF, Médecins Sans Frontières), Нарвэская рада ў справах уцекачоў, World Vision International, CARE і Oxfam.
Міністэрства спраў дыяспары і барацьбы з антысэмітызмам сьцьвярджае, што захады — частка намаганьняў умацаваць і абнавіць правілы, якія рэгулююць дзейнасьць міжнародных няўрадавых арганізацый на акупаванай палестынскай тэрыторыі.
Ізраільскія чыноўнікі заяўляюць, што правілы распрацаваныя дзеля таго, каб прадухіліць пранікненьне баевікоў ХАМАС і іншых узброеных груповак у гуманітарныя арганізацыі або перахоп замежнай дапамогі мірным грамадзянам.
На працягу вайны ў Газе Ізраіль рэгулярна абвінавачваў ХАМАС у крадзяжы гуманітарных грузаў. У Тэль-Авіве заклікалі да больш пільнага кантролю таго, хто сапраўды атрымлівае тоны гуманітарнай дапамогі, што прыходзіць у Газу.
Форум