Пра сьмерць Вячаслава Хадасоўскага 30 сьнежня паведамілі ў ягонай сям’і:
«Сёньня ў 11.50 пасьля працяглай хваробы пайшоў з жыцьця заснавальнік і былы галоўны рэдактар газэты «Белорусы и рынок» Вячаслаў Хадасоўскі»,— напісала ягоная нявестка Марына Кулікова ў сацсетках.
Вячаслаў Хадасоўскі ў 1990 годзе заснаваў адну з першых незалежных газэт Беларусі, дзелавое выданьне «Белорусский рынок», пазьней газэта стала называцца «Белорусы и рынок», і быў яе галоўным рэдактарам да 2015 году.
Перад гэтым ён працаваў у інфармацыйным агенцтве БелТА, потым — у савецкім агенцтве друку «Новости», прадстаўніцтва якога ў Менску ён узначальваў.
Пры Вячаславе Хадасоўскім выданьне «Белорусский рынок» заваявала аўтарытэт у эканамічных колах і ва ўсіх, хто цікавіцца беларускай эканомікай.
Рэдактар газэты прытрымліваўся лібэральных поглядаў, якія горача адстойваў на старонках выданьня.
- Выданьне «Белорусы и рынок» праіснавала на беларускім мэдыйным рынку 32 гады.
- Папяровая вэрсія газэты была закрытая ў сьнежні 2022 года, тады ж Мінінфарм Беларусі адклікаў пасьведчаньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі газэты «Белорусы и рынок».
- Да гэтага дырэктар выданьня Канстанцін Залатых быў арыштаваны і абвінавачаны ў распальваньні варожасьці.
- У 2023 годзе Залатых пакаралі на 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, вызвалілі 23 кастрычніка 2025.
- Цяпер сайт выданьня працуе з-за мяжы.