Пра гэта прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў на пасяджэньні пашыранай калегіі Мінабароны РФ, паведамляе агенцтва ТАСС.
Ён сказаў, што мэты СВА («спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», як у Расеі называюць вайну супраць Украіны -- заўв.Свабоды)) будуць дасягнутыя: «Мы хацелі б зрабіць гэта і ўстараніць першапрычыны канфлікту з дапамогай дыпляматыі, але, калі ж супрацьлеглы бок і яго замежныя заступнікі ад размовы па сутнасьці адмовяцца, Расея даможацца вызваленьня сваіх гістарычных земляў ваенным шляхам».
«Гістарычнымі землямі» Расея традыцыйна называе тэрыторыі, якія калісьці заваявала і кантралявала Расейская імпэрыя. Згодна з такой дактрынай, Масква праз сваіх прыхільнікаў, а часам вуснамі сваіх палітыкаў, выказвае прэтэнзіі на землі як мінімум двух дзясяткаў дзяржаў, у тым ліку Ўкраіны і Беларусі.
Прэзыдэнт Расеі выказаў падзяку кіраўніку Паўночнай Карэі за дапамогу ў баявых дзеяньнях.
«Дзякуючы Кім Чэн Ыну плячо да пляча з нашымі салдатамі супраць ворага на Курскім кірунку змагаліся паўночнакарэйскія ваяры. КНДР брала ўдзел у складанай працы ў разьмінаваньні тэрыторыі», — сказаў ён.
Таксама Пуцін заявіў, што ракеты сярэдняй далёкасьці «Арэшнік» паставяць на баявое дзяжурства да канца году.
У канцы кастрычніку прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант таксама заяўляла, што «Арэшнік» будзе разьмешчаны ў Беларусі ў сьнежні.
Форум