Як паведамляе «Люстэрка», у рэдакцыі выданьня апынуліся непублічныя дакумэнты аб тым, што некаторых кіраўнікоў буйных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці.
Загад і пастанову калегіі Міністэрства прамысловасьці перадаў рэдакцыі «Люстэрка» BelPol. Зь іх зразумела, што міністэрства незадаволенае працай кіраўнікоў буйных холдынгаў. Дырэктары МТЗ, МАЗу, БелАЗу і іншых заводаў не дамагліся выкананьня даведзеных уладамі ключавых паказьнікаў, даведзеных да іх у пачатку году.
Сярод іншых пакаралі кіраўніцтва Менскага трактарнага заводу. Міністэрства прапанавала аб’явіць вымову былому генэральнаму дырэктару МТЗ Сяргею Аўраменку, якога звольнілі ў лістападзе 2025 году. Прычына — невыкананьне заводам паказьнікаў экспарту, рэнтабэльнасьці продажаў і інвэстыцыяў у асноўны капітал.
У дакумэнце ўдакладняецца, што Аўраменка атрымаў спагнаньне таксама за «недастатковую працу для рэалізацыі двух спэцыяльных інвэстыцыйных кантрактаў у Расейскай Фэдэрацыі». Ідзецца аб стварэньні вытворчасьцяў у Краснадарскім краі і Татарстане. Акрамя гэтага, міністэрства вырашыла пакараць пакараць кіраўніцтва МТЗ рублём:
«Абвясьціць вымову, не налічваць і не выплачваць службовым асобам таварыства ўсе віды надбавак і прэміяў за кастрычнік 2025 году», — паведаміла «Люстэрка».
З дакумэнту вядома, што ў МТЗ быў плян выпусьціць 33 767 трактароў для лясной і сельскай гаспадаркі, але фактычна атрымалася 26 260. Яшчэ горшая сытуацыя з экспартам гэтых трактароў. Плянавалася прадаць за мяжу 27 957 адзінак тэхнікі, а ўдалося рэалізаваць толькі 16 834.
Сяргея Аўраменку ў канцы лістапада зволнілі з пасады кіраўніка МТЗ і прызначылі новым дырэктарам ААТ «Менскі завод шасьцерняў». Генэральным дырэктарам акцыянэрнага таварыства «Менскі трактарны завод» цяпер прызначагы Тарас Мурог. Раней ён кіраваў «Белкамунмашам» і таксама атрымаў заўвагу міністэрства за «зрыў экспарту».
Вымову за гэта ж атрымаў і кіраўнік «Магілёўліфтмашу». Іншыя кіраўнікі таксама атрымалі спагнаньні (заўвагі) за «зрыў экспарту», у тым ліку генэральныя дырэктары некалькіх буйных прадпрыемстваў: БелАЗ, МАЗ, ММЗ, БМЗ і БАТЭ. Ім паставілі ў віну таксама зрыў інвэстыцыяў у асноўны капітал, праблемы з рэнтабэльнасьцю і паказьнікамі чыстага прыбытку, празьмерны рост колькасьці прадукцыі на складах.
У дакумэнтах Міністэрства прамысловасьці пералічаныя прадпрыемствы, якія дапусьцілі чыстыя страты. У гэтым сьпісе апынуліся як невялікія заводы, так і буйныя: «Амкадор», «Гомсельмаш», «Бабруйскаграмаш», Станкабудаўнічы завод імя Кірава, «Атлант», «Белджы». Міністэрства таксама канстатуе рост складзкіх запасаў у МТЗ, МАЗ, «Белкамунмашу», «Атланту», «Гомсельмашу» і іншых.
Форум