Як паведамляе Беларуская рэдакцыя Польскага радыё, «Беларускі архіў» у Беластоку сабраў 4000 дакумэнтаў. «Беларускі архіў» — гэта месца, дзе зьбіраюцца і захоўваюцца дакумэнты, фатаграфіі, сьведчаньні і артэфакты, зьвязаныя з жыцьцём беларускай меншасьці ў Польшчы і ня толькі там. Гэта праект, які дапамагае зразумець гісторыю — кім мы былі і кім ёсьць сёньня, — заявіў дырэктар беластоцкага Цэнтру беларускай культуры Анатоль Вап.
«Ідэя вельмі простая — трэба дакумэнтаваць жыцьцё беларускай супольнасьці на Беласточчыне, а таксама наагул беларусаў, якія жывуць ня толькі на Беласточчыне і ў Беларусі, але і па ўсім сьвеце. За два гады існаваньня Цэнтру нам удалося сабраць вельмі многа — больш за 4000 дакумэнтаў, фатаздымкаў, паштовак, розных друкаў і ўлётак, абвестак, якія адлюстроўваюць жыцьцё беларусаў. Але гэта яшчэ толькі частка таго, што нам патрэбна, нават для самой Беласточчыны, каб атрымаць поўную карціну», — кажа Вап.
Паводле Анатоля Вапа, дакумэнты з канца XIX і за ўсё XX стагодзьдзе перадаюць сталыя дзеячы беларускага руху і іх нашчадкі. З старымі фота шмат працы — трэба выявіць, хто на здымку, на якой падзеі ён быў зроблены. Таксама архіў купляе матэрыялы з антыкварных пляцовак і інтэрнэту.
Найбольш каштоўны артэфакт — ліст караля Жыгімонта Аўгуста з 1570 году. Гэта вайсковы дакумэнт з подпісам караля, складзены ў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове.
Форум