Расейскія і беларускія спартсмэны павінны мець права ўдзельнічаць у кваліфікацыйных спаборніцтвах Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту і сноўборду (FIS), калі яны адпавядаюць крытэрыям МАК для індывідуальных нэйтральных спартсмэнаў, заявіў у аўторак Спартыўны арбітражны суд (CAS), паведаміў Reuters.
Рада FIS раней прагаласавала за тое, каб не дазволіць спартсмэнам з Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у якасьці нэйтральных спартсмэнаў у кваліфікацыйных спаборніцтвах на зімовыя Алімпійскія і Паралімпійскія гульні 2026 года ў Міляне-Картыне.
Расейская лыжная асацыяцыя і Беларускі лыжны саюз абскардзілі гэтае рашэньне ў CAS разам з 17 спартсмэнамі з абедзьвюх краін. Як паведамляе Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, апэляцыя была пададзеная 11 лістапада 2025 года, CAS разгледзеў яе 26 лістапада. Рашэньне вынесьлі 2 сьнежня.
Пад эгідай FIS праводзяцца спаборніцтвы па лыжных гонках, горных лыжах, фрыстайле і сноўбордзе.
19 верасьня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) паведаміў, што індывідуальныя нэйтральныя спартсмэны, якія прайшлі кваліфікацыю ў сваіх відах спорту, будуць спаборнічаць на зімовых Алімпійскіх гульнях у італьянскіх гарадах Мілян і Корціна-д’Ампецца ў 2026 годзе. Зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць з 6 па 22 лютага 2026 года.
28 жніўня стала вядома, што ў іх не змогуць узяць удзел біятляністы зь Беларусі і Расеі.
20 сьнежня 2024 года Міжнародны саюз канькабежцаў дазволіў нэйтральным атлетам з Беларусі ўдзельнічаць у адборы на Алімпіяду, прыняўшы шэраг абмежаваньняў.
28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ з-за вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартсмэну нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі з-за яго пашпарта».
28 сакавіка таго ж года МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэйтральным статусе. З аналягічнымі ўмовамі МАК дапусьціў індывідуальных спартсмэнаў з Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нэйтральным статусе.
Такім чынам асобныя спартоўцы зь Беларусі і Расеі змогуць удзельнічаць у зімовых Алімпійскіх гульнях у Міляне і Картына-д’Ампэцца ў 2026 годзе на тых жа ўмовах, што і ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024-м.
Такое рашэньне прыняў Выканаўчы камітэт Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) на паседжаньні ў Міляне 19 верасьня. На сайце МАК паведамляецца, што на паседжаньні ўлічылі досьвед Алімпійскіх гульняў у Парыжы, у якіх прынялі ўдзел 32 спартоўцы з расейскім або беларускім пашпартам у 10 розных відах спорту, бязь нейкіх інцыдэнтаў.
Спартоўцы зь Беларусі і Расеі, якія пройдуць кваліфікацыйны адбор празь міжнародныя спартовыя фэдэрацыі, будуць мець статус «Індывідуальных нэўтральных атлетаў» (AIN). Як і астатнія спартоўцы, яны павінны будуць падпісаць Умовы ўдзелу з абавязаньнем паважаць Алімпійскую хартыю, у тым ліку «мірную місію Алімпійскага руху».
Камандны ўдзел спартоўцаў з расейскім або беларускім пашпартам ня будзе разглядацца.
- Спартоўцы, якія «актыўна падтрымліваюць вайну», ня будуць мець права ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Дапаможны пэрсанал, які «актыўна падтрымлівае вайну», таксама ня мае права ўдзелу ў Алімпіядзе.
- Таксама забаронены ўдзел спартоўцаў і дапаможнага пэрсаналу, калі тыя працуюць па кантракце з расейскімі ці беларускімі вайскоўцамі альбо органамі нацыянальнай бясьпекі.
- Як і ў выпадку з Алімпійскімі гульнямі 2024 году ў Парыжы, створаць адмысловую камісію, каб ацаніць правамоцнасьць удзелу ў Алімпіядзе кожнага такога спартоўца і іх дапаможнага пэрсаналу.