27 лістапада прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што 20-гадовая капрал Нацыянальнай гвардыі ЗША Сара Бэкстрам памерла ад ран, атрыманых напярэдадні падчас стральбы каля Белага дома ў Вашынгтоне.
Яшчэ адзін паранены баец Нацыянальнай гвардыі, 24-гадовы Эндру Вулф, «змагаецца за сваё жыцьцё», — паведаміў Трамп.
Падазраваны, ідэнтыфікаваны як 29-гадовы грамадзянін Афганістану Рахманула Лаканвал, быў паранены падчас затрыманьня і, як паведамляюць, знаходзіцца ў крытычным стане. Лаканвал служыў у афганскай арміі дзесяць гадоў, падтрымліваючы амэрыканскія войскі падчас іх знаходжаньня ў краіне. Дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф пацьвердзіў, што Лаканвал у Афганістане таксама працаваў на ЦРУ.
Трамп назваў стральбу «актам зла, актам нянавісьці і актам тэрору».
Ён адзначыў, што Лаканвал прыбыў у ЗША ў верасьні 2021 году адным з «гэтых сумнавядомых рэйсаў» — пры эвакуацыі афганцаў, калі талібы аднавілі кантроль пасьля вываду амэрыканскіх войскаў.
Паведамляецца, што Лаканвал прыбыў у ЗША ў рамках праграмы, накіраванай на перасяленьне тысячаў афганцаў, якія дапамагалі амэрыканскаму боку падчас вайны ў краіне і баяліся перасьледу ад талібаў. Усяго ў межах гэтай праграмы ў ЗША прыбылі больш за 70 000 чалавек.
- 27 лістапада ў цэнтры Вашынгтону каля Белагу дома двое байцоў Нацыянальнай гвардыі ЗША атрымалі цяжкія раненьні. Падазраванага затрымалі пасьля таго, як ён атрымаў агнястрэльныя раненьні, піша Reuters.
- Міністэрства ўнутранай бясьпекі ідэнтыфікавала падазраванага як грамадзяніна Афганістану. Улады заявілі, што пакуль ня высьветлілі матыву стральбы.
- Міністарка ўнутраных справаў ЗША Крысьці Ноўм паведаміла, што з гэтага моманту апрацоўваньне ўсіх іміграцыйных запытаў, якія тычацца грамадзян Афганістану, спыняецца на нявызначаны тэрмін, да перагляду пратаколаў бясьпекі і праверкі.