Міністэрства замежных справаў Малдовы выклікала пасла Расеі для асаблівых даручэньняў Алега Озерава і ўручыла яму ноту пратэсту ў сувязі з залётам на малдоўскую тэрыторыю шасьці расейскіх бесьпілётнікаў падчас абстрэлу Расеяй Украіны.
Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, замежнапалітычнае ведамства Малдовы заявіла, што такія інцыдэнты «абсалютна недапушчальныя», яны становяць сабой «сур’ёзнае парушэньне сувэрэнітэту Рэспублікі Малдова і беспасярэднюю пагрозу нацыянальнай і рэгіянальнай бясьпецы».
Малдова заклікала Расею спыніць усе дзеяньні, якія пагражаюць бясьпецы краіны, і паважаць яе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць.
На выхадзе з МЗС расейскаму дыплямату паказалі расейскі бесьпілётнік Gerbera, які 25 лістапада зьнялі з будынку вартаўніка саду ў вёсцы Кухурэшці-дэ-Жос у раёне Фларэшты. Гэта зрабілі, бо 20 лістапада, калі таксама быў інцыдэнт з расейскім дронам у Малдове, Озераў заявіў пра брак доказаў таго, што бесьпілётнік зроблены ў Расеі.
Алег Озераў заявіў, што дрон з такім нумарам быў заўважаны 18 лістапада ў раёне Харкава і яго прывезьлі ў Малдову з мэтай правакацыі.
«Вы сапраўды мяркуеце, што дрон мог прызямліцца на дах і нічога не пашкодзіць?», — зьвярнуўся ён да журналістаў.
Для пацьверджаньня сваіх словаў ён паказаў фатаздымкі наступстваў падзеньня бесьпілётнікаў у Польшчы і ў расейскім Белгарадзе.
Расейскі дыплямат настойвае на расьсьледаваньні, бо мяркуе, што могуць быць «апэрацыі пад замежным сьцягам або спробы яшчэ больш пашкодзіць адносінам Расеі з Рэспублікай Малдова, якія і так ужо знаходзяцца на найніжэйшым узроўні ў гісторыі».
25 лістапада малдоўская паліцыя апублікавала фота расейскага бесьпілётніка, патлумачыўшы брак разбурэньняў тым, што такія віды дронаў могуць аўтаматычна прызямляцца, калі заканчваецца паліва, а гэта не дазваляе адбыцца выбуху.
У ноч на 25 лістапада расейскія войскі нанесьлі масаваны ўдар па Ўкраіне — пацярпелі Кіеў, Адэская, Сумская, Харкаўская, Запароская, Херсонская, іншыя вобласьці краіны. Паўсюль былі загінулыя і параненыя.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі тады заявіў, што Расея выкарыстала 22 ракеты розных тыпаў і больш за 460 дронаў, чатыры зь якіх заляцелі на тэрыторыі Малдовы і Румыніі.
Форум