Як паведамляе расейскае выданьне Moscow Times, Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі бэнзіну на расейскі рынак на фоне паліўнага крызісу, які пачаўся ў Расеі пасьля ўкраінскіх атак на расейскія НПЗ.
У кастрычніку аб’ём біржавых таргоў беларускім палівам вырас у 47 разоў год да году — да 36 480 тон, паведаміў «Ведомостям» прадстаўнік Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы. У лістападзе рост паставак працягнуўся: за першыя 19 дзён месяца на біржы прадалі 21 720 тон беларускага бэнзіну, што ў 7 разоў больш за паказчык за аналягічны пэрыяд мінулага году.
Па дадзеных крыніц Reuters, знаёмых з закрытай галіновай статыстыкай, у жніўні-кастрычніку, пасьля шэрагу нападаў дронаў, перапрацоўка нафты ў Расеі ўпала на 6% адносна ліпеня і на столькі ж — у гадавым вымярэньні. Для насычэньня ўнутранага рынку палівам урад да канца 2025 года забараніў экспарт бэнзіну і дызпаліва з краіны.
Таксама ўлады Расеі адкрылі імпарт бэнзіну з Беларусі, Кітая, Паўднёвай Карэі і Сінгапуру. Павышаны попыт на беларускае паліва ў Расеі зьвязаны зь ягоным дэфіцытам у шэрагу рэгіёнаў і росту цэнаў на паліва.
Гэта наступствы ўкраінскіх атак на расейскія аб’екты нафтаперапрацоўчай інфраструктуры. Reuters з спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што чыгуначныя пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею ў верасьні вырасьлі да 2,3 мільёна літраў у дзень. Гэта ў чатыры разы больш, чым у жніўні.