Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большую частку вызваленых зь Беларусі ўкраінцаў былі асудзілі ў побытавых крымінальных справах


Вызваленая зь беларускай турмы Марыя Місюк і кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў. Мяжа Беларусі і Ўкраіны, 22 лістапада 2025 году
Вызваленая зь беларускай турмы Марыя Місюк і кіраўнік вайсковай выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў. Мяжа Беларусі і Ўкраіны, 22 лістапада 2025 году

Украінскія СМІ паведамілі пэўныя новыя дэталі вызваленьня грамадзян Украіны з турмаў Беларусі 22 лістапада.

У рэпартажы праграмы ТСН, што выйшаў на тэлеканале «1+1», адзначаецца, што ўпершыню вызваленых украінцаў не сустракалі на дарозе зь дзяржаўнымі сьцягамі Ўкраіны жыхары памежных паселішчаў, як гэта адбываецца штораз пры абменах палоннымі з Расеяй празь беларускую тэрыторыю.

«Кажуць, што людзей папрасілі не выходзіць, імаверна таму, што сярод тых, хто вяртаецца, ёсьць тыя, каго ў Беларусі асудзілі за так званыя побытавыя крымінальныя злачынствы, і ўкраінскія спэцслужбы павінны іх праверыць», — адзначаецца ў рэпартажы.

Прадстаўнік Каардынацыйнага штабу Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка адмовіўся называць прозьвішчы іншых вызваленых украінцаў. Раней у СМІ згадвалі толькі 18-гадовую Марыю Місюк, якую затрымалі, калі ёй было 16, абвінавацілі ў «тэрарызьме» і асудзілі на 13 гадоў турмы, і 30-гадовую шматдзетную маці Лідзію Грук, якую асудзілі за «агентурную дзейнасьць» на 4 гады зьняволеньня.

«На жаль, я не магу камэнтаваць зараз прозьвішчы. Сёньня людзі, якіх вярнулі, з рознымі артыкуламі, паколькі мы разумеем, што Беларусь і Расейская Фэдэрацыя таксама прымяняюць да нашых грамадзян, часам праўдзівыя выракі выносяць, а часам гэта выдуманыя злачынствы, у якіх яны абвінавацілі нашых грамадзян», — сказаў журналістам Багдан Ахрыменка.

22 лістпада прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны (ГУР) Андрэй Юсаў паведаміў, што грамадзян Украіны, вернутых 22 лістапада, у Беларусі пераважна абвінавачвалі ў падтрымцы сваёй краіны.

  • Пра тое, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, якія «зьдзейсьнілі крымінальныя злачынствы на тэрыторыі» Беларусі, 22 лістапада заявіла прэс-сакратар Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
  • Паводле яе, рашэньне прынятае «у разьвіцьцё дасягнутых дамоўленасьцяў» з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, «на просьбу ўкраінскага боку, у мэтах стварэньня ўмоваў для ўрэгуляваньня ўзброенага канфлікту ў сумежнай дзяржаве».
  • «Пазьней вызваленьне групы суайчыньнікаў пацьвердзіў украінскі Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі. Штаб паведаміў, што гэта «жанчыны і мужчыны, затрыманыя на тэрыторыі Беларусі і прыгавораныя да розных тэрмінаў зьняволеньня — ад 2 да 11 гадоў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG