«У лісьце пазначана, што „Статкевіч М.В. адбывае пакараньне згодна з выракам ад 14.12.2021“. Дзе менавіта знаходзіцца Мікола — невядома», — адзначаецца ў паведамленьні.
Праваабаронцы нагадалі, што Аляксандар Лукашэнка 11 верасьня памілаваў Міколу Статкевіча і яшчэ 51 зьняволенага. Усіх, акрамя Статкевіча, прымусова перамясьцілі зь месцаў зьняволеньня на тэрыторыю Літвы. Мікола адмовіўся ад выезду зь Беларусі, па дарозе да мяжы зь Літвой сілай адчыніў дзьверы аўтобуса і выйшаў на нэўтральнай паласе паміж краінамі.
Празь некалькі гадзін ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Пазьней зьявілася інфармацыя, што, імаверна, там яго адправілі ў глыбоцкую калёнію, але пацьвярджэньня гэтаму дагэтуль няма.
Мікалая Статкевіча затрымалі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году і пасьля асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі.
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 17 верасьня выказаўся пра сытуацыю з палітзьняволеным Мікалаем Статкевічам, які адмовіўся ад прымусовай высылкі зь Беларусі. Лукашэнка сказаў, што прыняў рашэньне вызваліць Статкевіча і выслаць яго за мяжу, бо той быў у цяжкім стане.
Аднак, паводле Лукашэнкі, калі Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь, апазыцыйнаму палітыку сказалі, што ён тады «пойдзе ў турму». «Добра, забралі яго», — дадаў Лукашэнка.
Раней жонка Статкевіча Марына Адамовіч наведала калёнію ў Глыбокім, каб атрымаць інфармацыю аб месцы знаходжаньня мужа.
«У Глыбокім адмаўляюцца пацьвердзіць, што Мікола Статкевіч у іх. Была на асабістым прыёме», — напісала Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў Facebook.
Як вынікае з гэтага допісу, у калёніі паабяцалі надаць адказ на яе зварот у пісьмовым выглядзе цягам 15 дзён.
Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская заклікала міжнародную супольнасьць прыкласьці ўсе намаганьні, каб атрымаць афіцыйную інфармацыю пра лёс і месца знаходжаньня Статкевіча.
Форум