Дроны, якімі расейскія войскі атакавалі Ўкраіну, заляцелі ў Малдову і Румынію.
У Кіеве перабоі з энэргіяй і вадой
У Кіеве галоўнымі цэлямі былі дзьве найбольшыя ў горадзе ЦЭЦ. Выбухі адбыліся ў пяці раёнах сталіцы — зьнікла электраэнэргія, праблемы з водазабесьпячэньнем і грамадзкім транспартам. Пацярпелі два вялікія жылыя комплексы. У адным з раёнаў дрон заляцеў у кватэру шматпавярховага будынку, у іншым — зруйнаваў 4–8 паверхі 22-павярховага будынку.
Гарадзкія ўлады паведамілі папярэдне аб 7 загінулых і 20 параненых. Выратавальнікі разьбіраюць завалы, пад якімі могуць быць яшчэ людзі.
У Міністэрстве энэргетыкі Ўкраіны заявілі, што расейскія войскі ажыцьцявілі інтэнсіўную камбінаваную атаку на аб’екты энэргетычнай інфраструктуры.
На поўдні пад абстрэлам дзясяткі населеных пунктаў Запарожжа і Херсоншчыны
Улады Запароскай вобласьці паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 24 населеныя пункты: сама меней адзін чалавек загінуў і тры чалавекі параненыя.
У Херсонскай вобласьці пад ударам апынуліся 37 гарадоў і вёсках. Паводле ўладаў, сама меней тры чалавекі загінулі і 5 атрымалі раненьні, у тым ліку адно дзіця. Пашкоджаныя прыватны сэктар, аўтамабілі, спадарожнікавыя антэны, газаправод і камунальнае прадпрыемства.
Супраць цывільнага насельніцтва гэтых двух рэгіёнаў расейцы выкарыстоўваюць баявую авіяцыю, артылерыю і дроны.
Расейскія дроны заляцелі ў Малдову і Румынію, украінскія — у Расею
У Паветраных сілах Украіны адзначылі, што некалькі дронаў, якімі расейцы атакавалі Адэскую вобласьць, перасеклі мяжу Малдовы, а адзін заляцеў у Румынію. Пакуль улады гэтых краін нічога не паведамляюць.
Адразу некалькі расейскіх губэрнатараў заявілі аб украінскай атацы дронамі па сваіх рэгіёнах. Яны сьцьвярджаюць, што ўкраінскія войскі цэляць у мірных грамадзян.
Аб ахвярах і параненых паведамілі ўлады Белгарадзкай і Растоўскай вобласьцяў, а таксама Краснадарскага краю.
Згодна зь інфармацыяй Міністэрства абароны Расеі, за апошнія 8 гадзін сродкі супрацьпаветранай абароны перахапілі і зьнішчылі 249 украінскіх бесьпілётнікаў. Найбольш — 116 — над акваторыяй Чорнага мора, 76 — над Краснадарскім краем, 23 — на анэксаваным Расеяй Крымам, 16 — над Растоўскай вобласьцю, 7 — над Браншчынай, 4 — над акваторыяй Азоўскага мора, 2 — над Белгарадшчынай і 1 — над Ліпецкай вобласьцю.
Ва ўкраінскім Цэнтры вывучэньня акупацыі паведамілі, што ў Таганрогу (Растоўская вобласьць) украінскія войскі атакавалі мясцовы авіязавод, на якім зьнішчылі самалёт А-60.
Расейскія ўлады традыцыйна не камэнтуюць пацэльваньні ўкраінцаў па вайсковых аб’ектах.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум