Форум адкрыўся 11 лістапада ў Львове, а 14 лістапада пачалася яго кіеўская частка.
Свабодзе пра падзеі на форуме расказала дырэктарка Цэнтру «Вольная Беларусь» Паліна Бродзік. Як іншым удзельнікам дыскусіі, напярэдадні Паліне давялося перажыць начную атаку на Кіеў расейскіх бесьпілётнікаў і ракет. Паліна Бродзік кажа, што правяла вельмі трывожную ноч і на сабе адчула тыя жахі, якія жыхары сталіцы Ўкраіны адчуваюць ужо чацьверты год.
«Частка ўдзельнікаў форуму, хто ў Кіеве ўпершыню, перажыла сапраўдны стрэс. Але і для ўкраінцаў сытуацыя не нармальная, мы ведаем, што былі ахвяры, ракеты трапілі ў жылыя будынкі. Мы адчувалі гэта, нават чулі гэтыя выбухі. Частка беларускай дэлегацыі правяла гэтую ноч у сутарэньнях, у бамбасховішчы ў нашым гатэлі. Давялося легчы спаць толькі, а 6-й ранку», — сказала Бродзік.
Паводле ўдзельніцы форуму, выпрабаваньні, зь якімі ўдзельнікі форуму сутыкнуліся ў Кіеве, усё ж не сарвалі ягонай праграмы.
«Пачалі з дыскусіі паміж палітыкамі, да нас прыйшлі дэпутаты Вярхоўнай Рады і супрацоўнікі МЗС. Зь беларускага боку былі прадстаўнікі офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Была поўная заля, фактычна не было вольных месцаў. Для мяне гэта азначае, што з абодвух бакоў ёсьць моцная матывацыя шукаць дыялёгу паміж намі, шукаць сродкаў, як мы можам адно аднаму дапамагаць», — мяркуе Паліна Бродзік.
Паводле экспэрткі, тэмай гарачай дыскусіі стаў той факт, што ва ўкраінскім МЗС Беларусь была перанесеная ў Дэпартамэнт несяброўскіх краін, у кампанію да Расеі і Паўночнай Карэі. Такі падыход некаторыя ўдзельнікі Астроскага Форуму палічылі спрэчным, прайшло абмеркаваньне наступстваў гэтага рашэньня.
«На маю думку такі падыход не спрыяе таму, каб ва Ўкраіне выпрацоўвалася яснае бачаньне таго, працаваць у Беларусьсю як з самастойнай краінай», – мяркуе Паліна Бродзік.
Паводле экспэрткі, 14 лістапада ўдзельнікі форуму таксама абмяркуюць пытаньні бясьпекі ў рэгіёне, прагучаць і меркаваньні эўрапейскіх экспэртаў.
«Чакаецца й абмеркаваньне таго, што цяпер адбываецца па лініі Вашынгтон-Менск і як гэта ўплывае на сытуацыю ў рэгіёне», — паведаміла Паліна Бродзік.
15 лістапада, у апошні дзень Астроскага форуму будуць абмеркаваныя пытаньні аднаўленьня Ўкраіны пасьля вайны, праблемы беларускіх добраахвотнікаў, а таксама супрацу беларускага рэжыма і Кітаю ў справе вайны.
Форум