Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжанкоў заявіў аб гатоўнасьці да перамоваў зь Літвой без папярэдніх умоў, Будрыс на перамовы ня згодны


Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў
Міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў

Менск настойвае на перамовах зь літоўскім бокам і не пагаджаецца на адкрыцьцё эвакуацыйнага калідору для літоўскіх і эўрапейскіх грузавікоў.

Беларусь гатовая весьці перамовы зь Літвой аб урэгуляваньні сытуацыі на мяжы «ў любы момант на любой тэрыторыі — без якіх-небудзь папярэдніх умоў», заявіў журналістам 12 лістапада міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў пасьля дакладу Аляксандру Лукашэнку.

Міністар паведаміў, што Менск скіраваны на «хутчэйшае ўрэгуляваньне сытуацыі». З улікам таго, што сытуацыя «зайшла ўжо зусім далей паўнамоцтваў упаўнаважаных памежных службаў» дзьвюх краін, далейшымі перамовамі зь Вільняй даручана займацца МЗС, сказаў ён.

«Таму што наступныя захады павінны ў сябе ўключаць цэлы комплекс палітычных і дыпляматычных рашэньняў, — заявіў Рыжанкоў. — Рашэньняў, якія накіраваныя на больш хуткае ўрэгуляваньне сытуацыі і аднаўленьне нармальнага функцыянаваньня нашай мяжы ў інтарэсах грамадзян абедзьвюх краін. Адпаведныя прапановы літоўскаму боку былі адпраўленыя. Чакаем адпаведнай рэакцыі літоўскага боку».

Рыжанкоў прызнаў, што міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс сказаў, што зь ім сустракацца ня будзе:

«Гэта ён так у прэсу даў, але гэта ж не азначае, што размовы ня будзе», — дадаў кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства.

12 лістапада Лукашэнка таксама заслухаў даклады старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Канстанціна Моластава і міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова аб сытуацыі на мяжы зь Літвой.

Пазыцыя Будрыса: Гэта дэзынфармацыя

Пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся аб правядзеньні перамоваў з літоўскімі афіцыйнымі асобамі для нармалізацыі сытуацыі на мяжы, міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што, гаворачы аб перамовах, менскі рэжым, які забараняе літоўскім грузавікам перасякаць мяжу, уводзіць у зман.

Паводле слоў кіраўніка МЗС Літвы, мяжа можа быць адкрытая, калі Беларусь, якая не кантралюе запуск кантрабандысцкіх паветраных балёнаў у Літву, спыніць нагнятаньне сваіх дзеяньняў «да мяжы гарачых фаз».

«Лукашэнка бярэ закладнікаў і спрабуе ператварыць усю сытуацыю ў нейкае рознагалосьсе, якое нібыта патрабуе перамоваў. Гэта дэзынфармуючая навіна для ўсіх. Бо сутнасьць у тым, што распачаты гібрыдны напад.

Як мы вырашым гэтую сытуацыю? Калі Лукашэнка перастане парушаць нашы паветраныя зносіны, перастане пагражаць NATO, ён пагражае Эўрапейскаму зьвязу, ён знаходзіцца на мяжы эскаляцыі, аж да гарачых фаз. Калі ён спыніць гэта рабіць, мы зможам адкрыць межы», — заявіў Будрыс у эфіры радыё LRT у сераду.

Кястуціс Будрыс
Кястуціс Будрыс

«Рэжым павінен кантраляваць метэазонды, спыніць парушаць нашы паветраныя зносіны, і ў нас больш не будзе прычын трымаць памежныя пераходы закрытымі. Рэжым вырашыў пайсьці на далейшую эскаляцыю і ўзяць у закладнікі актывы нашых кампаній, нашы прадпрыемствы, тым самым нагнятаючы напружанасьць. Мы не павінны здавацца і губляць фокус», — падкрэсьліў ён.

Літва двойчы прасіла ўлады Беларусі дазволіць вяртаньне літоўскіх грузавікоў праз часова закрытыя памежныя пераходы Меднікі й Салечнікі. Але зь Менску 12 лістапада прыйшоў адмоўны адказ. Пра гэта паведаміў дарадца літоўскай прэм’еркі Ігнас Дабраволскас:

«Літва ня раз падкрэсьлівала, што нашыя межы адкрытыя для нашых і эўразьвязаўскіх перавозьнікаў, а перашкоды для выезду стварае і ўзмацняе эскаляцыю толькі Беларусь, якая ня можа справіцца з кантрабандысцкімі паветранымі балёнамі, што нясуць рызыкі для нашай цывільнай авіяцыі», — дадаў ён.

Паводле дарадцы, у кожным разе ліст Беларусі будзе разгледжаны, але перш яна мае спыніць гібрыдную атаку на авіяцыю і бясьпеку літоўскіх грамадзян.

Прэмʼерка Літвы Інга Ругінене сказала ў сераду, што памежныя пераходы могуць быць адкрытыя, калі Літва ўбачыць гатоўнасьць Беларусі да супрацы.

  • Урад Літвы прыняў рашэнне закрыць мяжу з Беларусьсю на месяц, да 30 лістапада, зь некаторымі выняткамі.
  • Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
  • Ад 3 лістапада ўвогуле забаранілі рух па тэрыторыі Беларусі грузавікам, зарэгістраваным ува ўсіх краінах Эўразьвязу.
  • 10 лістапада на загад Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра ў содні. Паводле Лукашэнкі, фураў больш за 1100.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG