Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Менскай спадчыне» расказалі, калі пачнуць перабудоўваць былую «Валадарку» і што там зробяць


Былое СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Архіўнае фота
Былое СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Архіўнае фота

Прадпрыемства «Менская спадчына» завяршае дэмантажныя працы ў былым будынку Менскага СІЗА на вуліцы Валадарскага (былая «Валадарка»), а налета мае пачацца рэканструкцыя Пішчалаўскага турэмнага замку.

Пра гэта «Радио-Минск» расказала старшыня камітэту будаўніцтва і інвэстыцыяў Менскага гарвыканкаму Ірына Гонтарава, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

«Сёньня будынак цалкам вызвалены, распрацоўваецца канцэпцыя. Будуць аб’екты грамадзкага харчаваньня, нейкія адміністрацыйныя памяшканьні. То бок гэта будзе такі агульнагарадзкі аб’ект.

Непадалёк вакзал, мяркую, і нашы госьці сталіцы з задавальненьнем будуць яго наведваць. У гэтым годзе ўжо пачатыя дэмантажныя працы тых элемэнтаў, якія не датычаць гэтага будынку, а налета плянуем пачаць беспасярэдне рэканструкцыю аб’екту», — расказала чыноўніца Менгарвыканкаму.

У сакавіку 2025 году дырэктар «Менскай спадчыны» Аляксандр Кохан казаў, што архітэктурна-плянавальная канцэпцыя замку ўжо ўзгодненая. Паводле Кохана, у замку будуць аб’екты харчаваньня і адміністрацыйныя памяшканьні, а на тэрыторыі — пляцоўка для масавых імпрэзаў. Пра адкрыцьцё музэю гаворкі няма.

«На тэрыторыі комплексу плянуецца захаваньне пяці будынкаў. На ніжніх паверхах плянуем разьмясьціць аб’екты грамадзкага харчаваньня, апэратарамі якіх выступяць дзяржаўныя прадпрыемствы. На вышэйшых паверхах мяркуецца разьмясьціць адміністрацыйныя памяшканьні. Акрамя таго, праект тэрыторыі комплексу прадугледжвае пляцоўку для культурна-масавых імпрэзаў», — казаў Кохан падчас нарады ў Менгарвыканкаме.

Што плянуюць зрабіць падчас рэстаўрацыі

Міністэрства культуры Беларусі раней вызначыла ахоўныя зоны гістарычнага аб’екту на вуліцы Валадарскага, дзе было СІЗА.

Згодна з канцэпцыяй, захаваюць некалькі пабудоваў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў: сам турэмны замак, аднапавярховы будынак побач і аб’екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, цяпер схаваныя за агароджай. Пазьнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць.

Як будзе выглядаць турэмны Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі: эскіз «Менскпраекту»
Як будзе выглядаць турэмны Пішчалаўскі замак пасьля рэканструкцыі: эскіз «Менскпраекту»

Тэрыторыя стане адкрытай для гараджан, тут зьявяцца пляцоўка для канцэртаў і гістарычных рэканструкцыяў, зона для шпацыраў і паркоўка. Цалкам абновяць разбураную сьцяну адной з кутніх вежаў. Вернуць аўтэнтычныя вокны і дзьверы. Адрэстаўруюць цэнтральныя мэталічныя сходы, а таксама вітую лесьвіцу, адкуль можна ўбачыць горад. Прыбяруць позьнія перагародкі, пакінуўшы муры XIX стагодзьдзя.

Гісторыя турэмнага замку

У 1825 годзе ў цэнтры Менску зьявілася адметная пабудова. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову абшарніка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталю, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.

Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрогу з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.

СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, 2020 год
СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, 2020 год

Як адзначаў аўтар кнігі «Менскі турэмны замак» Зьміцер Дрозд, у сьнежні 1821 году Рудольф Пішчала перамог у публічным тэндэры на будаўніцтва, а збудаваная турма была прынятая камісіяй 30 студзеня (11 лютага) 1825 году.

Знакамітыя вязьні: Дунін-Марцінкевіч, Колас, Пілсудзкі, Дзяржынскі

У вязьніцы трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў.

У чэрвені 1863 году каля брамы Пішчалаўскага замку царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра, ураджэнца Барысаўскага павету шляхціча Міхала Цюндзявіцкага за тое, што ён у карчме вёскі Камень на Барысаўшчыне прачытаў сялянам адзін з нумароў «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі.

На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе павесілі Івана Пуліхава.

За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.

У савецкі час астрог атрымаў нефармальную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў Другую ўсясьветную вайну: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.

Да пачатку 2024 году тут быў СІЗА № 1 Менску. З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG