Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваецца рост інфляцыі. Што падаражэла найбольш ў кастрычніку


Рынак у Горадні, ілюстрацыйнае фота
Рынак у Горадні, ілюстрацыйнае фота

Сярод лідэраў па росту цэнаў ў кастрычніку былі імпартныя харчовыя тавары і ваўняныя швэдры.

Белстат паведаміў, што спажывецкія цэны ў Беларусі за студзень-кастрычнік узьняліся на 6,1%. Такім чынам, рост спажывецкіх цэнаў працягваецца, за студзень-верасень гэты паказчык складаў 5,76%. Гэта ўжо вышэй за прагнозны паказьнік інфляцыі сёлета, ухвалены ўрадам Беларусі, — 5 працэнтаў.

Найбольш падаражэлі за 10 месяцаў 2025 году імпартныя прадукты харчаваньня. Так, кава падаражэла на 33%, селядзец на 26,4%, шакаляд на 25%, какава-парашок на 70%.

Разам з тым, значна падаражэлі некаторыя прадукты харчаваньня беларускай вытворчасьці. Так, сьвініна і ялавічына падаражэлі на 12%, кілбасы на 10%, малако на 9,4%, сыр на 9%, глазураваныя сыркі на 11%, гарох і фасоля на 16%, сухія сьняданкі на 17%, чыпсы на 22%, абед у рэстаране ці кавярні падаражэў на 10%.

Некаторыя зь беларускіх прадуктаў патаньнелі альбо падаражэлі нязначна. Амаль на тым жа ўзроўні ад пачатку года засталіся цукар і соль, патаньнелі рысавая і манная крупы, некаторыя віды гародніны, грушы, арэхі і грыбы.

Нехарчовыя тавары падаражэлі на 2,8%, агульная карціна — нязначнае падаражаньне, тое-сёе нават патаньнела, выключэньне — ваўняныя швэдры, якія падаражэлі на 9%.

Значна падаражэлі паслугі ЖКГ, у прыватнасьці халоднае водазабесьпячэньне і водаадвядзеньне, але трэба сказаць, што за апошні месяц яны не падаражэлі і па-ранейшаму павысіліся на 21 і 19% ад пачатку года.

Згодна з зацьверджанымі Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі парамэтрамі Беларусі на 2025 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасьці на 4%. За 8 месяцаў 2025 году гэты паказьнік складае каля 10 працэнтаў.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG