Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўжо 317 фармаваньняў


Яшчэ адным так званым «экстрэмісцкім фармаваньнем» прызналі «Валянтэскі цэнтар «Сустрэча»

Грамадская арганізацыя «Валанцёрскі цэнтр «Сустрэча» прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем» на падставе рашэння МУС ад 5 лістапада, вынікае з абноўленага пераліку на сайце ведамства.

Паводле вэрсіі міністэрства, да арганізацыі датычныя грамадзяне Беларусі Алена Жаркевіч і Ірына Лукашэнка. «Экстрэмісцкімі» прызнаныя шэраг акаўнтах арганізацыі ў сацсетках, а таксама «лягатып у выглядзе графічнага малюнка сэрца, утворанага перакрываючыміся выгнутымі лініямі чатырох колераў: сіняга, жоўтага, белага і чырвонага».

У лістападзе 2023 года Жаркевіч паведаміла «Позірку», што арганізаваны «Сустрэчай» гуманітарны канвой даставіў з Эўропы ва Ўкраіну пяць аўтамабіляў, уключаючы адзін рэанімабіль, якія плянавалася перадаць беларускім і ўкраінскім падразьдзяленьням у складзе Узброеных сіл Украіны (УСУ).

«Гуманітарная дапамога і аўтамабілі набываліся на сродкі беларускіх вайскоўцаў якія змагаюцца ў складзе УСУ, украінскіх фондаў і прадстаўнікоў беларускай дыяспары за мяжой. Рэанімабіль і яшчэ адно аўто поўнасьцю купленыя на сродкі беларусаў», — адзначыла тады Жаркевіч.

Яна паведаміла, што на той момант «Сустрэча» займалася транспарціроўкай гуманітарных канвояў паўтара года.

Агулам улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўжо 317 фармаваньняў, піша «Позірк».

У 2025 годзе сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі дзясяткі рэсурсаў. Працай былі загружаны суды па ўсёй краіне. Міністэрства інфармацыі ў асобным сьпісе забараніла больш за трыццаць кніг.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG