У эфіры тэлеканалу Беларусь-1 Юры Селіверстаў заявіў, што дэфіцыт плянуецца ў суме 4,3–4,6 млрд. рублёў, ці ня больш чым 1,5% валавога ўнутранага прадукту (ВУП), паведамляе БелТА.
Аб’ём дэфіцыту, з словаў Селіверстава, будзе залежаць ад даходаў бюджэту. Калі іх будзе недастаткова, балянсаваць бюджэт будуць рэшткамі мінулых гадоў.
«Калі даходы будуць паступаць лепей, значыць, дэфіцыту ў нас ня будзе. Значыць, мы проста не залучым, ня выкарыстаем гэтыя рэшткі», — заявіў Селіверстаў.
На яго думку, дэфіцыт можа ўзьнікнуць праз тое, што ад супрацы зь Беларусьсю адмовіліся міжнародныя фінансавыя арганізацыі.
Селіверстаў заўважыў, што раней Беларусь магла прыцягваць сродкі ад міжнародных фінансавых арганізацыяў на выгадных умовах, цяпер жа гэтага няма.
«Раней мы шмат прыцягвалі сродкаў міжнародных арганізацыяў — рамантавалі дарогі, нейкія іншыя рэчы. Пакуль гэтыя арганізацыі па-сяброўску да нас ставіліся. Сёньня мы прыцягваем рэсурсы з Расеі», — заявіў Селіверстаў і прызнаўся, што іх асваеньне ідзе «маруднымі тэмпамі».
«Асвоена толькі палова гэтых рэсурсаў. Калі гэта ўсе разглядалася, думалася, што асваеньне будзе ісьці хутчэй».
Прырост ВУП Беларусі і магчымасьці напаўненьня бюджэту ахалоджваюцца зьніжэньнем вонкавага попыту, паведаміў Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР).
За студзень–верасень ВУП Беларусі вырас на 1,6%. Але фактары, якія раней падштурхоўвалі беларускі ВУП, запавольваюцца.
«Адным з фактараў стрыманьня застаецца скарачэньне выпуску прамысловай прадукцыі на 1% за студзень–верасень ва ўмовах скарачэньня вонкавага попыту», — паведамляе ЭАБР. Скарачаецца і ўнутраны попыт, які таксама быў адным з рухавікоў ВУП. За студзень–жнівень ён вырас на 8,5%, а за студзень–верасень на 8,2%.
Форум