Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў апэляцыю Марын Лё Пэн на забарону ёй удзельнічаць у выбарах


Марын Лё Пэн у судзе
Марын Лё Пэн у судзе

Марын Лё Пэн могуць забараніць балятавацца на выбарах пасьля абвінавачаньня ў растраце. Высокі адміністрацыйны суд адхіліў апэляцыю, што можа паўплываць на палітычную будучыню Лё Пэн.

Францускай ультраправай дзяячцы Марын Лё Пэн не ўдалося скасаваць забарону на яе ўдзел у выбарах. Найвышэйшы адміністрацыйны суд — Дзяржаўная рада — адхіліў яе апэляцыю на рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі, які на пяць гадоў забараніў ёй удзельнічаць у выбарах.

Судзьдзі заявілі, што адпаведныя правілы могуць быць зьмененыя толькі праз унясеньне заканадаўчых паправак. Пра гэта паведамляе агенцтва DPA.

У пачатку красавіка суд прызнаў Лё Пэн вінаватай у растраце сродкаў Эўразьвязу. Найбольш спрэчнай часткай прысуду стала пяцігадовая забарона на ўдзел у выбарах, якая ўступіла ў сілу неадкладна. Кіраўніца Нацыянальнага аб’яднаньня (RN) зьвярнулася ў Дзяржаўную раду з просьбай перадаць яе справу ў Канстытуцыйны суд.

Яна сьцьвярджала, што забарона на ўдзел у выбарах неканстытуцыйная і парушае яе свабоду вылучацца кандыдаткай, як і свабоду выбарнікаў. Аднак цяпер суд адхіліў яе пярэчаньні і патрабаваньні.

Незаконнае прысваеньне эўрапейскіх сродкаў

Акрамя забароны на ўдзел у выбарах, 31 сакавіка Лё Пэн асудзілі на чатыры гады пазбаўленьня волі, на два зь іх умоўна, і прысудзілі штраф у 100 000 эўра за незаконнае прысваеньне дзяржаўных сродкаў ЭЗ.

У гэтай справе Лё Пэн абвінавацілі ва ўдзеле ў сыстэме, створанай для выплаты супрацоўнікам RN з грошай Эўрапарлямэнту. Паводле суду, такія дзеяньні мелі месца паміж 2004 і 2016 гадамі, і чатыры мільёны эўра грошай ЭЗ былі выплачаныя неправамерна.

Працэс апэляцыі ў гэтай справе будзе праходзіць з 13 студзеня па 12 лютага 2026 году. Рашэньне суду, прынятае да лета 2026 году, можа паўплываць на ўдзел Лё Пэн у прэзыдэнцкіх выбарах 2027 году.

Калі прысуд будзе пацьверджаны, права Лё Пэн балятавацца будзе ацэньваць Канстытуцыйны суд. У сувязі зь цяперашнім палітычным крызісам у Францыі магчымыя датэрміновыя парлямэнцкія выбары, да якіх Лё Пэн таксама не дапусьцяць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG