Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост цэн у Беларусі не спыняецца — у верасьні яны павялічыліся на 0,5%, інфляцыя з пачатку году — 5,8%


Крама ў Менску, архіўнае фота
Крама ў Менску, архіўнае фота

Як паведамляе Белстат, спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў верасьні 2025 года ў параўнаньні са жніўнем вырасьлі на 0,5%, а са сьнежнем 2024 года — на 5,8%. Гэта перавышае прагноз ураду.

Без уліку сэзоннага і адміністратыўнага фактараў інфляцыю за 2025 год Белстат прагназуе на ўзроўні 6,3%.

Па разьліках ураду, інфляцыя ў 2025 годзе павінна скласьці не больш за 5%.

Згодна з Белстатам, найбольш з пачатку года падаражэлі паслугі — на 7,6%, харчовыя тавары — на 6,9%, прамысловыя тавары падаражэлі на 2,9%.

Некаторыя пастаўшчыкі паслугаў абяцаюць, што ня будуць падвышаць кошты ў гэтым годзе. Пра гэта днямі заявілі мабільныя апэратары А1 і МТС, падпісаўшы пагадненьні з Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.

Усясьветны банк прагназуе, што сёлета прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі складзе 1,9%.

У 2025 годзе Ўсясьветны банк прагназуе прырост эканомікі Беларусі на 1,9%, у 2026 годзе — на 1,3%, у 2027 — на 0,8%, у 2028 годзе банк прагназуе спад беларускай эканомікі на 0,3%.

Тым часам міністар эканомікі Беларусі Юры Чабатар заявіў, што прагноз прыросту ВУП на наступны год складзе 2,8%. Пра гэта Чабатар паведаміў на нядаўнім паседжаньні прэзыдыюма Савету міністраў, перадае ўрадавае выданьне «Рэспубліка».

Эканоміка будзе расьці за кошт паслуг — сфэры турызму і ІТ, паведаміў Чабатар.

«Рост эканомікі на 2,8 працэнта плянуецца забясьпечыць з дапамогай станоўчай дынамікі рэальнага сэктара, а таксама рэалізацыі патэнцыялу паслуг. У прыватнасьці турыстычных. Іх доля ў ВУП краіны павінна дасягнуць 2,6 працэнта. Таму робім акцэнт на разьвіцьцё інфраструктуры адпачынку, у першую чаргу сродкаў разьмяшчэньня», — заявіў міністар эканомікі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG