У Вільні з ініцыятывы БАЖ адбылася сустрэча з старшынём Нацыянальнага зьвязу журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам. Украінскі журналіст расказаў беларускім калегам, як ва ўмовах вайны выжываюць мэдыя, і даў парады на выпадак агрэсіі з усходу. Свабода таксама распытала яго пра цэнзуру, барацьбу з карупцыяй, мабілізацыю журналістаў на вайну і полк Кастуся Каліноўскага. Асобным было пытаньне, ці працягваюць ва Ўкраіне называць Лукашэнку «бацькам».
«Чытачы з падвалаў»
Да поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў Нацыянальным зьвязе журналістаў Украіны на ўліку былі 18 тысяч сяброў, цяпер 12 тысяч. Вайна ўдарыла ня толькі па будынках і тэрыторыях, але найперш па лёсах людзей. Разбомбленыя рэдакцыі, карэспандэнты хаваюцца ад дронаў, рэдкія чытачы жывуць у падвалах — гэта таксама рэальнасьць цяперашняй украінскай журналістыкі.
«Частка журналістаў зьехала з акупаваных тэрыторыяў, некаторыя там засталіся, частка цяпер за мяжой, але большасьць стратаў праз тое, што шмат мэдыя закрыліся з эканамічных прычын. У рэгіёнах закрыліся да 40% СМІ, а ў прыфрантавых раёнах іх увогуле не засталося. Гэта наш боль і наш клопат: спрабуем аднавіць некаторыя выданьні. Бо ідзецца ня толькі пра інфармаваньне, але і пра ратаваньне людзей», — апавядае пра зьмены Сяргей Таміленка.
Як прыклад журналіст прывёў аднаўленьне раённай газэты «Трудова слава», якая выходзіла ў раённым цэнтры Арэхаў Запароскай вобласьці. Да вайны газэта мела наклад у некалькі тысяч, але памяшканьне рэдакцыі было разбомблена. Нядаўна журналісты выданьня разам зь Сяргеем Таміленкам развозілі сьвежыя нумары адноўленай газэты па прыфрантавых вёсках, дзе ў падвалах яшчэ жывуць людзі. У вёсцы Васілеўка людзі выйшлі з падвалаў і спыталі ў журналістаў, ці стаяць яшчэ Харкаў і Адэса.
«Яны ня маюць ніякай інфармацыі, таму і пра такое пытаюцца. А тым часам расейская прапаганда робіць сваю справу. Побач, на акупаваных землях, адкрываюць FM-радыёстанцыі, выпускаюць свае газэты, агітуюць нашых грамадзянаў за Расею. Для Пуціна прапаганда — частка вайны. Але вось да людзей прыходзіць выданьне, якому яны здаўна давяраюць, дык каму людзі павераць? Ясна, што сваім», — тлумачыць Сяргей важнасьць працы журналістаў на прыфрантавых тэрыторыях.
Гэта, паводле Сяргея, ацанілі расейскія войскі: на журналістаў у сініх камізэльках цяпер палююць расейскія дроны, засьцерагацца даводзіцца, як на перадавой, а надпісы «прэса» з вопраткі здымаць.
Але ўсё роўна стратаў сярод журналістаў унікнуць не ўдаецца. З пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 128 супрацоўнікаў мэдыя, сярод іх ня толькі ўкраінцы. У кастрычніку на Данбасе загінуў францускі журналіст.
«26 украінскіх журналістаў знаходзяцца ў расейскім палоне, некаторыя і там гінуць», — з сумам паведаміў старшыня Зьвязу журналістаў Украіны.
Зь беларускімі калегамі Сяргей Таміленка падзяліўся досьведам паводзін у пачатку агрэсіі, які зьведаў у лютым 2022 году.
«Усяго прадугледзець немагчыма, але варта ўявіць акалічнасьці, прадумаць шляхі эвакуацыі, забясьпечыць кантакты, падрыхтаваць набор рэчаў. І лепш мець акрэдытацыю журналіста, каб быць у сыстэме бясьпекі дзяржавы, дзе вы жывяце. Важна ня жыць у расслабленым стане, такі час — усё можа здарыцца», — папярэджвае Сяргей Таміленка.
Цэнзура, мабілізацыя, полк Каліноўскага
Украінскі журналіст адказаў на пытаньне, якое асабліва цікавіць беларускіх калег: ці ёсьць ва Ўкраіне цэнзура?
«Цэнзуры ва Ўкраіне даўно няма і нават ва ўмовах вайны яе ня ўводзілі, бо гэта ў нашым грамадзтве ўжо немагчыма. Ёсьць пэўны парадак асьвятленьня тэмаў, зьвязаных з вайной, паводле якога, прыкладам, нельга ўказваць дакладнае месца дысьлякацыі вайсковых аб’ектаў, разьмяшчэньня вайскоўцаў. І гэта дзейнічае. А ў цывільным жыцьці праца журналістаў ідзе як звычайна: адны зьбіраюць навіны, нехта займаецца расьсьледаваньнем карупцыі, спрабуюць крытыкаваць мясцовае начальства, хоць цяпер гэта складаней, бо мясцовыя начальнікі сталі вайскоўцамі» — прызнаў старшыня Зьвязу журналістаў Сяргей Таміленка.
Паводле Таміленкі, такіх мэдыя, якіх баяліся б мясцовыя адміністрацыі, стала менш, але найперш з эканамічных прычын. Гэтак, у Адэсе ў пачатку вайны працавала больш за 20 незалежных тэлеканалаў, не засталося ніводнага: бізнэс ня мае сродкаў, а палітыкам гэтак прасьцей.
«Свабода прэсы ёсьць, але прэсы паменела, для нас гэта вялікая праблема», — зазначае Таміленка.
Сяргей Таміленка зазначае, што шмат украінскіх журналістаў пайшлі на фронт. Пасьведчаньне журналіста не «браня» ад мабілізацыі, яно нават не гарантуе, што мабілізаваны апынецца ў прэсавай службе часткі, а не на перадавой.
«Шкада, калі праз гэта звальняюцца нашыя калегі рэдкіх прафэсіяў: фотакарэспандэнты, апэратары, журналісты-дасьледнікі. Бывае, што мы іх страчваем назаўсёды. Але гэта вайна, гэта абарона нашай радзімы — Украіны», — сказаў Сяргей Таміленка.
Сяргей Таміленка высока ацаніў унёсак у абарону Украіны беларусаў, якія служаць у палку Кастуся Каліноўскага ды ў іншых частках УСУ. Пры гэтым журналіст не вылучаў беларусаў як асобную групу.
«Паверце, нашы мэдыя стараюцца не прапускаць ніводнага прыкладу гераізму і самаахвярнасьці прадстаўнікоў тых народаў, якія разам з украінцамі змагаюцца за свабоды Ўкраіны. Мы шануем і памяць загінулых змагароў, няма розьніцы, якой нацыянальнасьці. Іх імёнамі называюць вуліцы, і вуліцы зь імёнамі беларусаў ужо ёсьць. Гэтыя ахвяры ня будуць дарэмнымі», — перакананы ўкраінскі журналіст.
Ці яшчэ называюць украінцы Лукашэнку «бацькам»?
Што да мянушкі «бацька» для Аляксандра Лукашэнкі, якая да вайны, паводле назіраньняў Сяргея Таміленкі, была сярод украінцаў даволі папулярнай, то цяпер яе сэнс зьмяніўся, кажа журналіст.
«Раней у нас пра яго казалі „бацька“, маючы на ўвазе гаспадара, які нешта захаваў, нешта карыснае прыдбаў. Так было, што казаць, некаторыя ставілі плюсавую ацэнку яго дзейнасьці. Але цяпер ён цалкам адмоўны пэрсанаж — „бацька“ замінусіўся.
З Беларусі на нас ішлі расейскія войскі, адтуль на нас ляцелі самалёты і ракеты, ён дагэтуль дапамагае расейскім агрэсарам як можа. Гэтага ўкраінцы яму не даруюць», — мяркуе старшыня Нацыянальнага саюзу Ўкраіны Сяргей Таміленка.
Форум