Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча наклала санкцыі на трох грамадзян Беларусі і зьвязаныя зь імі кампаніі


Выраб сталі, архіўнае фота
Выраб сталі, архіўнае фота

Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы ўнесла ў санкцыйны сьпіс дзьве зарэгістраваныя ў дзяржаве кампаніі і зьвязаных зь імі фізычных асобаў — грамадзянаў Беларусі.

Пад санкцыі трапіла кампанія SteelTrade Sp. z o.o. (да 2024 году дзейнічала пад назвай EMK Group Sp. z o.o.). Кампанія займаецца гуртавым гандлем мэталічнымі вырабамі, гідраўлічным і ацяпляльным абсталяваньнем. Міністэрства заяўляе, што кампанія ўскосна падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны, пастаўляючы ў Расею мэталічныя вырабы і дэталі для машын. Тавары адносяцца да вырабаў з чыгуну і сталі, экспарт якіх у Расею забаронены, заўважыў Reform.

З 2021 па сярэдзіну 2022 году кампанія экспартавала тавары пераважна ў Расею. Галоўным атрымальнікам была кампанія EMK. У сярэдзіне 2022 году SteelTrade замест Расеі стала пастаўляць тавар у Казахстан. Атрымальнікам была кампанія з назвай, падобнай на назву расейскай EMK. З 2023 году асноўным кірункам экспарту стала кітайская кампанія. Гэты кітайскі контрагент, як вызначылі ў Польшчы, — пасярэднік у пастаўках расейскай кампаніі EMK LLC.

«Выяўлена, што больш за 200 паставак, праведзеных кампаніяй SteelTrade (пад ранейшай назвай EMK Group) у адрас кітайскіх, казаскіх і турэцкіх кампаній, пасьля былі рээкспартаваныя ў Расею», — паведамілі ў міністэрстве.

Другая кампанія ў санкцыйным сьпісе — Omni GRP Sp. z o.o. Яна займаецца гуртавым продажам мэталаў і мэталічных рудаў, пастаўляе ў Расею вырабы з чыгуну і сталі, што забаронена санкцыямі Эўразьвязу. У прыватнасьці, кампанія экспартавала сталь Uddeholm Dievar, якая вылучаецца асаблівай трываласьцю і асабліва запатрабаваная ў абароннай прамысловасьці.

У 2023 годзе кампанія паставіла значны аб’ём тавару ў Турэччыну, Кітай і Казахстан. Як выявіла Польшча, большасьць паставак кітайскаму контрагенту пасьля рээкспартавалася ў Расею.

Пад санкцыі трапілі фізычныя асобы Андрэй Карповіч, Уладзімер Ляшчук і Вераніка Пенталь.

Андрэй Карповіч — грамадзянін Беларусі і Расеі, суўладальнік, сябар кіраўніцтва і бэнэфіцыяр Omni GRP. Мае долі ў некалькіх расейскіх кампаніях, у тым ліку ў дзьвюх маскоўскіх — EMK і EMC, якія ёсьць контрагентамі польскай SteelTrade. Карповіч — старшыня кіроўнай рады казаскай EMK KZ, якая атрымлівала тавары ад SteelTrade і Omni GRP.

Уладзімер Ляшчук — грамадзянін Беларусі, суўладальнік, сябар кіраўніцтва і бэнэфіцыяр SteelTrade, валодае долямі ў маскоўскіх EMK і EMC і іншых расейскіх кампаніях.

Вераніка Пенталь — грамадзянка Беларусі, сяброўка кіраўніцтва і суўладальніца кампаній SteelTrade і Omni GRP. Падобна, яна намесьніца генэральнага дырэктара кампаніі EMK у Расеі, фігуруе ў кампаніях у Казахстане (EMK Alliance) і Кіргізстане («Утиль Текс Пром» і STK 888), зьвязаных з EMK Group.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG