Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аэрапорт Мюнхэна двойчы прыпыняў палёты з прычыны дронаў


Інфармацыйнае табло ў аэрапорце Мюнхэна, 3 кастрычніка 2025 года
Інфармацыйнае табло ў аэрапорце Мюнхэна, 3 кастрычніка 2025 года

Аэрапорт Мюнхэна двойчы за суткі прыпыняў палёты з прычыны выяўленьня бесьпілётнікаў. Раніцай у суботу аэрапорт пачаў паступова аднаўляць працу, аднак цягам дня чакаюцца затрымкі рэйсаў, піша агенцтва Reuters.

Праца аэрапорта была прыпыненая ўвечары ў пятніцу. Паведамляецца, што 23 рэйсы былі перанакіраваныя, 12 рэйсаў у Мюнхэн і 48 вылетаў з горада былі адмененыя або адкладзеныя.

Увечары ў чацьвер, калі аэрапорт прыпыняў працу першы раз, капітан самалёта, які накіроўваўся з Мюнхэна ў Лёндан, паведаміў пасажырам, што ўзьлётна-пасадачныя палосы былі зачыненыя «з прычыны выяўленьня бесьпілётнікаў» і што ў паветры знаходзяцца паліцэйскія верталёты.

Крыніцы бэльгійскага VRT таксама паведамілі, што ў ноч на 3 кастрычніка неапазнаныя бесьпілётнікі былі заўважаны над ваеннай базай Эльзэнборн у Бэльгіі. Сьцьвярджаецца, што каля 15 дронаў пасьля ўварваліся ў паветраную прастору Германіі, што заўважыла паліцыя нямецкага горада Дзюрэн. Адкуль узяліся бесьпілётнікі, хто імі кіраваў і куды яны зьніклі пасьля, пакуль незразумела.

Міністар унутраных спраў Германіі Аляксандр Добрындт паабяцаў распрацаваць заканадаўства, якое спросьціць для паліцыі працэдуру накіраваньня ваенным запыту на зьнішчэньне бесьпілётнікаў.

  • У апошнія тыдні нярэдка паведамляецца аб невядомых бесьпілётніках, заўважаных над ключавымі аб’ектамі інфраструктуры і вайсковымі базамі, у такіх краінах, як Данія і Швэцыя, а таксама на поўначы Германіі. Першым падобным інцыдэнтам стала зьяўленьне дронаў над аэрапортаў Капэнгагена ўвечары 24 верасьня. Пакуль не вылучалася ніякіх афіцыйных вэрсій аб тым, хто стаіць за гэтым і ці зьвязаны гэтыя выпадкі паміж сабой. Дачыненьне Расеі ўлады не выключаюць.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG