Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь нацыяналізавала экспэдытарскую кампанію, створаную пры ўдзеле інвэстараў з Швайцарыі


Кантэйнэры для перамяшчэньня грузай па чыгунцы. Ілюстрацыйнае фота
Кантэйнэры для перамяшчэньня грузай па чыгунцы. Ілюстрацыйнае фота

Савет міністраў Беларусі ўхваліў рашэньне аб нацыяналізацыі кампаніі «ТрансРэйл-БЧ», кантрольны пакет якой належаў акцыянэрнаму таварыству Interrail Holding (Швайцарыя).

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, да 31 сьнежня 2025 году Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі павінна на бясплатнай аснове прыняць з уласнасьці Interrail Holding 50 адсоткаў акцый вартасьцю 25 тысяч даляраў.

Да канца году кампанію перададуць у «гаспадарчае вядзеньне» Берасьцейскага аддзяленьня Беларускай чыгункі.

У студзені 2023 году ўрад Беларусі ўключыў беларуска-швайцарскае ТАА «ТрансРэйл-БЧ» у пералік юрыдычных асоб, акцыянэрам якіх забаранілі адчужэньне акцый, паколькі яны паходзяць з замежных краін, што чыняць «недружалюбныя дзеяньні датычна да беларускіх юрыдычных асоб». Першапачаткова такі пералік зацьвердзілі 1 ліпеня 2022 году, а потым яго дапоўнілі.

Кампанію «ТрансРэйл-БЧ» зарэгістравалі ў чэрвені 1994 году. Яе заснавальнікамі выступілі Беларуская чыгунка і АТ Interrail Holding (Швайцарыя). Кампанія мае статус афіцыйнага экспэдытара Беларускай чыгункі і займаецца ня толькі перавозкай грузаў, а і іх суправаджэньнем, у тым ліку афармленьнем перавозачных і мытных дакумэнтаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG