Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэканструкцыя Пішчалаўскага замку пачнецца ўжо сёлета


Візуалізацыя праекту рэканструкцыі Пішчалаўскага замку
Візуалізацыя праекту рэканструкцыі Пішчалаўскага замку

Пра гэта заявіў старшыня Менскага гарвыканкаму Ўладзімер Кухараў.

«Там будуць аб’екты грамадзкага харчаваньня, гандлю, а таксама магчымасьць арганізоўваць розныя мерапрыемствы», — сказаў ён у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

А ў 2026 годзе плянуюць узяцца за аднаўленьне млына і капліцы ў Лошыцкім парку.

Капліца ў Лошыцкім парку, архіўнае фота
Капліца ў Лошыцкім парку, архіўнае фота
Млын у Лошыцкім парку, архіўнае фота
Млын у Лошыцкім парку, архіўнае фота

11 верасьня стала вядома пра заканчэньне рэканструкцыі вінакурнага комплексу ў Лошыцкім парку. Там адкрыюцца заля для ўрачыстых цырымоній, гатэль і рэстаран, перадае агенцтва «Мінск-навіны».

Што зробяць з былым СІЗА на вуліцы Валадарскага

Згодна з канцэпцыяй, захаваюць некалькі пабудоў, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. У прыватнасьці, сам замак, аднапавярховы будынак побач і аб’екты першай лініі з боку вуліцы Валадарскага, якія сёньня схаваныя за агароджай. Пазьнейшыя прыбудовы і плот дэмантуюць.

Тэрыторыя стане адкрытай для гараджан. Тут зьявяцца плошча для канцэртаў і гістарычных рэканструкцый, прагулачная зона і паркоўка. Цалкам абновяць разбураную сьцяну адной з кутніх вежаў. Вернуць аўтэнтычныя вокны і дзьверы. Адрэстаўруюць цэнтральныя мэталічныя сходы, а таксама вітую лесьвіцу, адкуль можна ўбачыць горад. Прыбяруць позьнія перагародкі, пакінуўшы сьцены XIX стагодзьдзя.

Таксама ў будынках разьмесьцяцца турыстычнае бюро, працоўні, кавярні і іншыя ўстановы.

Гісторыя замку

У 1825 годзе ў цэнтры Менску зьявілася адметная пабудова. Архітэктар Казімер Хрышчановіч спраектаваў на замову абшарніка Рудольфа Пішчалы каменную фартэцыю-замак. Драўляны астрог, які стаяў на месцы цяперашняга трэцяга гарадзкога шпіталя, быў у аварыйным стане. Для будоўлі новай турмы абралі тагачасную ўскраіну Менску — Раманаўскі пагорак.

Будынак быў выкананы ў выглядзе турэмнага астрогу з элемэнтамі архітэктуры клясыцызму — такі стыль тады быў распаўсюджаны ў Расейскай імпэрыі.

Як адзначаў аўтар кнігі «Менскі турэмны замак» Зьміцер Дрозд, у сьнежні 1821 году Рудольф Пішчала перамог у публічным тэндэры на гэты будынак, а сама турма была прынятая камісіяй 30 студзеня (11 лютага) 1825 году.

Знакамітыя вязьні: ад Дунін-Марцінкевіча і Коласа да Пілсудзкага і Дзяржынскага

У вязьніцы трымалі ўдзельнікаў паўстаньняў 1831 і 1863 гадоў.

У чэрвені 1863 году каля брамы Пішчалаўскага замку царскія карнікі расстралялі маладога афіцэра, ураджэнца Барысаўскага павету шляхціча Міхала Цюндзявіцкага за тое, што ён у карчме вёскі Камень на Барысаўшчыне прачытаў сялянам адзін з нумароў «Мужыцкай праўды», якую выдаваў Кастусь Каліноўскі. Цюндзявіцкі быў пахаваны на месцы пакараньня, яго магіла хутка стала месцам паломніцтва і малітваў менчукоў, якія спачувалі паўстаньню. Таму яго неўзабаве перапахавалі.

На турэмнай браме за замах на генэрал-губэрнатара Паўла Курлова ў 1906 годзе быў павешаны Іван Пуліхаў. За свае перакананьні ў розныя гады тут сядзелі клясыкі беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Гарун, Алесь Дудар. Якуб Колас адседзеў за ўдзел у несанкцыянаваным зьезьдзе радыкальна настроеных настаўнікаў, Максім Танк — за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы. Памятаюць сьцены Пішчалаўскага замку і Фэлікса Дзяржынскага, Юзэфа Пілсудзкага, Барыса Савінкава.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі турэмны астрог атрымаў нефармальную назву «Валадарка» (вуліцу Серпухаўскую тады перайменавалі ў вуліцу Валадарскага). Замак перажыў і Другую ўсясьветную: немцы яго таксама выкарыстоўвалі як турму.

Да пачатку 2024 году тут быў СІЗА № 1.

З 1994 і да 2024 году празь СІЗА на Валадарскага прайшлі сотні палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG