За «садзейнічаньне экстрэмізму» асудзілі шматдзетную маці
У Гомельскім абласным судзе асудзілі жыхарку вёскі Каменка Мазырскага раёна, шматдзетную маці Анастасію Раеўскую. Яе прызналі вінаватай у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
Дакладныя дэталі абвінавачваньня і мера пакараньня пакуль высьвятляюцца. Вядома толькі, што жанчыну не адправілі ў турму.
Анастасія разам з мужам Яўгенам гадуе траіх дзяцей. У 2021 годзе ў сям’і нарадзіўся малодшы сын Арцём.
- Пасьля пратэстаў 2020 году сілавыя структуры масава прызнаюць людзей і арганізацыі «экстрэмістамі» за неляяльнасьць да ўладаў.
- «Экстрэмізм» стаў самым распаўсюджаным абвінавачаньнем, якое выкарыстоўваюць для затрыманьня, штрафаў і турэмнага зьняволеньня крытычна настроеных грамадзян.
У Гомлі за «садзейнічаньне экстрэмізму» асудзілі жыхара Віцебскай вобласьці
Жыхара горада Глыбокае Віцебскай вобласьці Леаніда Шпеца асудзілі ў Гомельскім абласным судзе. Яму інкрымінавалі ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Што канкрэтна ставілі ў віну глыбачаніну, пакуль невядома. Таксама невядомы канкрэтны тэрмін пакараньня, прызначаны Леаніду. Вядома толькі, што яму прысудзілі пазбаўленьне волі.
Як адзначае «Вясна», гэта ўжо другі вядомы выпадак, калі рэпрэсіі датычна жыхароў іншых рэгіёнаў краіны выконваюцца ў Гомлі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».