«Партрэт дамы» італьянскага майстра Джузэпэ Гісьляндзі зьнік бязь вестак 80 гадоў таму. Але ў мінулым месяцы карціну заўважылі на фатаздымку на сайце агенцтва нерухомасьці, піша BBC. Карціна вісела ў доме, які належаў дачцэ нацысцкага дзеяча, які зьехаў у Аргентыну пасьля вайны.
Памерлы бацька Патрысіі Кадгін, Фрыдрых, быў галоўным дарадцам Германа Гёрынга, намесьніка Адольфа Гітлера. Гёрынг сабраў тысячы мастацкіх твораў, рабуючы калекцыі з усёй Эўропы.
Праваахоўнікі паведамілі, што адвакаты спадарыні Кадгін цяпер вярнулі гэты твор мастацтва. Кадгін знаходзілася пад хатнім арыштам пасьля таго, як падчас ператрусу яе маёмасьці карціну першапачаткова не знайшлі.
Арыэль Басана, экспэрт у галіне мастацтва, які працаваў над гэтай справай, сказаў журналістам, што карціна «ў добрым стане для свайго ўзросту, бо датуецца 1710 годам».
Паводле мясцовай газэты La Capital Mar del Plata, ён ацаніў яе «прыкладна ў 50 000 долараў».
Раней пракуроры заяўлялі, што падчас рэйдаў у іншых аб’ектах маёмасьці, зьвязаных зь сямʼёй, былі знойдзены іншыя прадметы, якія маглі быць скрадзеныя падчас вайны.
Адвакат спадарыні Кадгін, Карлас Мурыяс, заявіў мясцовай газеце La Capital, што яна і яе муж будуць супрацоўнічаць з уладамі.
Карціна «Партрэт дамы» некалі знаходзілася ў калекцыі амстэрдамскага арт-дылера Жака Гаўдстыкера. Яна была ўнесена ў базу дадзеных твораў мастацтва, скрадзеных нацыстамі.
Марэй фон Захер, нявестка Гаўдстыкера і ягоная адзіная спадчыньніца, сказала, што яе сямʼя хоча «вярнуць кожны твор мастацтва, скрадзены з калекцыі Жака, і аднавіць яго спадчыну».
Форум