У Каленкавічах працягваецца рамонт раённай лякарні, акрамя таго, у гэтым палескім горадзе закрылі радзільнае аддзяленьне. Жанчын адпраўляюць у суседні Мазыр. Але праблема ў тым, што мост, які злучае Мазыр і Каленкавічы, ужо 2 гады знаходзіцца на рэканструкцыі. Аб’езд займае ў некалькі разоў больш часу. Напрыклад, даўжыня аўтобуснага маршруту № 6, які злучаў мікрараён «Зарэчны» з «мацерыковым» Мазыром, павялічылася больш як у 4 разы, час дарогі — утрая, піша выданьне BGMedia.
Пры гэтым мазырская радзільня перапоўненая, бо туды ж адпраўляюць нараджаць зь Ельску, Нароўлі і Жыткавічаў.
У камэнтарах аб закрыцьці радзільні ў Каленкавічах людзі падзяліліся набалелым: закрываюць радзільні па ўсёй Беларусі. Так, закрытая радзільня ў Вялейцы, ехаць трэба ў Маладэчна. Закрытыя радзільныя аддзяленьні ў Глыбокім і Докшыцах, хоць мясцовыя жыхары былі супраць. З Хвойнікаў нараджаць едуць у Рэчыцу, а гэта 60 кілямэтраў дарогі, з Пружанаў і Ганцавічаў — у Баранавічы.
У Полацку радзільню будавалі 12 гадоў, але ў 2024-м яе ўсё ж зьнесьлі і прапанавалі парадзіхам ехаць у Наваполацак. Туды ж адправілі і жанчын з Глыбокага і Докшыцаў.
На пачатку чэрвеня Белстат пасьля чатырохгадовага перапынку апублікаваў зьвесткі пра тое, колькі дзяцей нарадзілася ў 2024 годзе. Паводле новых дадзеных, за апошні год у Беларусі нарадзіліся 58 939 дзяцей. Дзесяць гадоў таму нованароджаных было ўдвая больш — 118 500.
Згодна з прагнозам ААН, насельніцтва Беларусі да 2100 году можа скараціцца ўдвая і складзе прыкладна 4,5 мільёна чалавек.
Форум