Расейская арганізацыя «Альтернатива» паведаміла пра шэраг выпадкаў працоўнага рабства, у якіх ахвярамі сталі грамадзяне Беларусі.
Іх заваблівалі на заробкі, а потым утрымлівалі ў так званых «працоўных дамах» і на сельскагаспадарчых абʼектах, пазбаўляючы дакумэнтаў і аплаты.
7 жніўня валянтэры вызвалілі ў Варонескай вобласьці чатырох чалавек, у тым ліку грамадзян Беларусі Юрыя, Алёну і Сяргея. У фэрмэрскай гаспадарцы ім не плацілі грошы за працу ў цяпліцах і на палях, а ўмовы ўтрыманьня былі вельмі цяжкімі.
У справаздачы адзначаецца, што яны былі завэрбаваныя ў Беларусі. А ўсяго ў гэтай гаспадарцы ўтрымліваецца каля ста чалавек. Гэта, паводле валянтэраў, можа сьведчыць пра «арганізаваную трансгранічную плынь бясплатнай працоўнай сілы».
30 ліпеня ў Тульскай вобласьці зь «яблыневых садоў» быў вызвалены беларус Дзяніс Сідарэвіч. Ён трапіў у рабства пасьля таго, як страціў працу ў Маскве і пагадзіўся на выпадковую прапанову.
8 чэрвеня ў падмаскоўным сяле Ям валянтэры вызвалілі траіх грамадзян Беларусі, якіх завабілі на працу абяцаньнямі высокіх заробкаў. Па прыезьдзе ў іх забралі дакумэнты, і яны працавалі без аплаты. У справаздачы адзначаецца, што завэрбаваных беларусаў прывозілі празь мяжу.
«Пад рознымі падставамі і ўгаворамі грамадзян Беларусі запрашаюць на працу, абяцаюць 2500–3500 рублёў за зьмену, а пасьля забіраюць дакумэнты і перавозяць празь мяжу. Ужо тут, у Падмаскоўі, яны працуюць на складах і будоўлях, не атрымліваюць ні капейкі заробку, пры гэтым іх бʼюць у выпадку адмовы ад працы», — сьцьвярджаюць валянтэры.
22 красавіка валянтэры знайшлі самотнага пажылога грамадзяніна Беларусі з праблемамі памяці. Мужчына расказаў, што трапіў у працоўны дом, дзе зламаў сьцягно, а пасьля выпіскі з бальніцы апынуўся на вуліцы.
«Адзінокія і пажылыя людзі часта становяцца мішэнямі для вярбоўшчыкаў, асабліва для выкарыстаньня ў прымусовым жабраваньні», — адзначаюць аўтары справаздачы.
Усяго сёлета валянтэры «Альтэрнатывы» вызвалілі з рабства амаль 60 чалавек. Многія застаюцца ў сваіх гаспадароў з надзеяй, што ім некалі ўсё ж заплацяць. У некаторых выпадках, на думку валянтэраў, патрэбнае ўмяшаньне праваахоўных органаў.
«Альтернатива» — расейская праваабарончая ініцыятыва, якая з 2011 году займаецца пошукам, вызваленьнем і падтрымкай людзей, што трапілі ў рабства або прымусовую працу.
Як ня трапіць у рабства: парады і засьцярогі ад валянтэраў
Найбольш небясьпечнымі месцамі вярбоўкі лічацца вакзалы, аўтастанцыі і вуліцы. Менавіта там вярбоўшчыкі падыходзяць да людзей, якія выглядаюць разгубленымі і няўважлівымі, і прапануюць ім працу і заробак.
Не аддавайце дакумэнты. Адна зь першых рэчаў, якую робяць гаспадары працоўных дамоў, — адбіраюць пашпарты пад падставай афармленьня дакумэнтаў. Гэта пазбаўляе чалавека магчымасьці самастойна ўцячы.
Ня верце занадта добрым прапановам. Калі абяцаюць вельмі высокія заробкі без афіцыйных дамоваў, гэта можа быць пасткай.
Адзін зь беларусаў, які трапіў у рабства, страціў памяць і ня мог зьвязацца з роднымі. Таму заўсёды паведамляйце блізкім пра свой маршрут і месцазнаходжаньне.
Будзьце гатовыя ўцякаць. Адзін з пацярпелых змог выратавацца толькі дзякуючы пасьпяховым уцёкам. Калі вы апынуліся ў няволі, валянтэры раяць не чакаць дапамогі, а шукаць бясьпечнай магчымасьці для ўцёкаў.
Форум