Пагаворым пра тое, ці можна чакаць вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій, а таксама якую ролю можа адыграць Беларусь, рэжым і дэмакратычныя сілы ў намаганьнях прэзыдэнта ЗША завяршыць вайну?
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Сьвятлана Мацкевіч: Калі дапусьціць, што заўтра 1 300 чалавек на самалёце прыляцяць да нас прыляцяць, то мы сутыкнёмся з гуманітарнай катастрофай
— Калі пачнуцца вызваленьні, то людзей «выкінуць» за мяжу, як было з Сяргеем Ціханоўсікім і яшчэ 13 палітвязьнямі, ці будзе магчымасьць застацца ў краіне? Таксама важны працэс дапамогі вызваленым, рэабілітацыі. Прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская заявіла, што сродкаў дапамагчы ўсім 1300 палітзьняволеным няма. Таксама пытаньне, калі людзі застануцца ў Беларусі, то перадаць ім дапамогу з-за мяжы практычна немагчыма. Як вы глядзіце на тое, што будзе адбывацца па вызваленьні? Да чаго трэба быць гатовым дэмакратычным сілам, арганізацыям, якія займаюцца дапамогай палітвязьням?
Сьвятлана Мацкевіч: Вывазіць за мяжу ці пакідаць у Беларусі — гэтае пытаньне, як мне здаецца, зьяўляецца прадметам дамоўленасьцяў у перамовах паміж Беларусьсю і Амэрыкай. Думаю, што частка палітвязьняў не захоча выехаць з краіны. У прыватнасьці, я думаю, што мой былы муж Уладзімер Мацкевіч, хутчэй за ўсё, пажадае застацца ў краіне. І як ён будзе рэагаваць на гэта, я на дадзены момант пакуль ня ведаю. Але ўсё роўна мы павінны вельмі дакладна разумець, што канчатковае рашэньне будзе за Лукашэнкам і за яго адміністрацыяй.
Да чаго трэба быць падрыхтаваным? Калі дапусьціць, што заўтра будзе вызвалена вялікая група людзей, напрыклад, 700 чалавек, 1.000 ці нават усе адразу 1.300 на самалёце прыляцяць да нас, за межы краіны, то мы сутыкнёмся, як раней папярэджвалі многія палітолягі, у прыватнасьці і Вольга Лойка, з гуманітарнай катастрофай. Таму што трэба будзе адразу пачынаць адаптацыю, рэабілітацыю. І гэта мноства розных працэсаў дапамогі, на якія, як мне падаецца, на сёньняшні дзень мы цалкам не гатовыя. Дэмакратычныя сілы і грамадзянскія структуры аказвалі дапамогу беларусам, якія выехалі з краіны, і гэтая дапамога недастатковая для таго, каб падтрымаць усіх палітвязьняў. Таму я думаю, што мы сутыкнёмся з вельмі цяжкай апэратыўнай сытуацыяй і новай мабілізацыяй для таго, каб задачы рэабілітацыі людзей ажыцьцяўляць арганізацыйна, не дубляваць адзін аднаго, а наадварот як мага больш аптымальна гэта арганізоўваць.
На дадзены момант няма асаблівых вялікіх рэсурсаў. Тыя грамадзянскія структуры, якія раней аказвалі гэтую дапамогу, таксама ахапіць увесь аб’ём так апэратыўна і хутка ня змогуць. І гэта трэба дакладна разумець і ўжо цяпер рыхтавацца, прынамсі, уступаць ва ўзаемадзеяньне з партнэрскімі арганізацыямі, якія раней займаліся гуманітарнай дапамогай, з міжнароднымі арганізацыямі, нават тым жа Чырвоным Крыжам за мяжой, які гэтым займаўся, сацыяльнымі службамі партнэрскіх краін — Польшчы, Літвы і гэтак далей. Прынамсі, іх трэба папярэдзіць, што такая сытуацыя можа быць, што мы будзем зьвяртацца да іх па дапамогу і што будзе патрабавацца такая мабілізацыя.
Што да дапамогі тым, хто застанецца ў Беларусі, то ў першую чаргу асноўная нагрузка будзе на сем’ях і найбліжэйшым коле. І ўсе асноўныя пытаньні, якія будуць адразу ўзьнікаць, — пытаньні, зьвязаныя з псыхалягічнай дапамогай, пытаньні, зьвязаныя са здароўем, мэдыцынскай дапамогай, ну і гэтак далей. Таксама прававая, працоўная рэабілітацыя. Гэта цэлы комплекс розных кірункаў сацыяльнай працы, якая павінна аказвацца. І я думаю, што дапамога з-за мяжы краіны будзе ўскладненая. Для рэжыму гэтае пытаньне не стаіць. То бок проста людзей выкінуць і далей, хутчэй за ўсё, будуць ствараць перашкоды, зьвязаныя з працай. Усё роўна будзе пастаўленае пытаньне далейшага кантролю іх дзейнасьці ўнутры краіны. То бок разьлічваць на тое, што гэта будзе спрыяльная сытуацыя, мы ня можам.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум