Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп увёў дадатковае мыта для Індыі за пакупку нафты ў Расеі. Індыя абвінаваціла ЗША і ЭЗ у падвойных стандартах


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сераду выдаў указ аб увядзеньні дадатковай пошліны ў 25% на імпарт тавараў з Індыі, заявіўшы, што краіна наўпрост ці ўскосна імпартуе расейскую нафту.

Раней у дачыненьні да Індыі ўжо дзейнічалі 25%-нае амэрыканскае мыта на імпарт. Такім чынам, агульны памер пошлін на тавары з Індыі складзе 50%.

«Індыя ня толькі закупляе вялікую колькасьць расейскай нафты, але і перапрадае большую яе частку на адкрытым рынку зь вялікім прыбыткам, — напісаў Трамп у сацыяльнай сетцы Truth. — Ім усё роўна, колькі людзей ва Ўкраіне гіне ад расейскай ваеннай машыны».

Індыя абвінаваціла ЗША і ЭЗ у падвойных стандартах наконт пытаньня гандлю з Расеяй. У заяве МЗС Індыі гаворыцца, што Вашынгтон і Брусэль працягваюць гандаль з Расеяй, хоць для іх гэта «не зьяўляецца пытаньнем жыцьцёвай неабходнасьці». У заяве таксама зазначаецца, што ЗША «актыўна заахвочвалі» закупкі расейскай нафты Індыяй падчас прэзыдэнцтва Джо Байдэна для ўмацаваньня стабільнасьці сусьветных энэргетычных рынкаў. Маштаб двухбаковага гандлю ЭЗ з Расеяй вышэйшы за індыйскі, сьцьвярджае індыйскі МЗС.

Індыя зьяўляецца адным з найбуйнейшых пакупнікоў расейскай нафты. Значная яе частка перапрацоўваецца ў нафтапрадукты, якія потым пастаўляюцца ў іншыя краіны. У прыватнасьці, Індыя стала найбуйнейшым экспарцёрам нафтапрадуктаў у ЭЗ.

Тым часам у сераду амэрыканская апазыцыя папракнула Дональда Трампа ў тым, што ён шмат пагражае Ўладзіміру Пуціну новымі санкцыямі за ўварваньне ва Ўкраіну, аднак за паўгоду ва ўладзе так нічога і не зрабіў для ўзмацненьня ціску на Расею, а толькі паслабіў санкцыйны рэжым, які дастаўся яму ў спадчыну ад адміністрацыі Джо Байдэна.

Дэмакраты заклікалі Белы дом аднавіць санкцыйны ціск на Расею, а таксама нацэліцца на яе саюзьнікаў, найперш Кітай. Трамп пагражаў пакараць тых, хто дапамагае Крамлю абыходзіць санкцыі і набывае расейскую нафту. Аднак пакуль гэтыя пагрозы накіраваныя толькі супраць Індыі, тады як асноўны саюзьнік і гандлёвы партнэр Расеі — Кітай — гневу Трампа пазьбягае, гаворыцца ў дакладзе, падрыхтаваным на замову дзьвюх вядомых сэнатарак-дэмакратак Элізабэт Уорэн і Джын Шахін.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG