Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве інцыдэнт з дронам зь Беларусі расьсьледуюць як ваеннае злачынства


Расейскія дроны «Гербера». Ілюстрацыйнае фота
Расейскія дроны «Гербера». Ілюстрацыйнае фота

Бюро крымінальнай паліцыі Літвы расьсьледуе як ваеннае злачынства інцыдэнт зь бесьпілётнікам, які 28 ліпеня заляцеў на літоўскую тэрыторыю зь Беларусі і які знайшлі 1 жніўня на вайсковым палігоне ў Гайжунах.

«Інцыдэнт [...] расьсьледуецца як асобны эпізод у рамках дасудовага расьсьледаваньня ваенных злачынстваў ва Ўкраіне пад наглядам пракурораў Дэпартамэнту па расьсьледаваньні арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Генэральнай пракуратуры. Расьсьледаваньне праводзіць Бюро крымінальнай паліцыі Літвы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Літвы.

Асобна ў пракуратуры ўдакладнілі, што ня могуць даць больш інфармацыі, каб «не нашкодзіць расьсьледаваньню».

Што папярэднічала

28 ліпеня раніцай у Літву заляцеў неапазнаны дрон зь Беларусі. Яго заўважылі над Вільняй.

Паліцыя разаслала жыхарам Вільні sms-папярэджаньні з парадай пры выяўленьні бесьпілётніка трымацца ад яго далей і паведаміць на нумар тэрміновых службаў 112.

Дрон змаглі знайсьці толькі на пяты дзень пасьля інцыдэнту — 1 жніўня. Ён быў на вайсковым палігоне ў Гайжунах, Ёнаўскі раён — гэта больш за 100 кілямэтраў ад Беларусі.

Папярэдне сьцьвярджаюць, што знойдзены дрон падобны на расейскі бесьпілётнік «Гербера», прызначаны для падману сыстэмаў супрацьпаветранай абароны, бо ён звонку нагадвае іранскі баявы дрон «Шахед».

Празь інцыдэнт з дронам 28 ліпеня ў Літве ўзмацнілі ахову неба пры дапамозе чатырох самалётаў выведнікаў.

Адзін зь іх, Boeing RC-135V Rivet Joint, прыляцеў з вайсковага аэрадрому Mildenhall у Вялікай Брытаніі, іншы, Bombardier Challenger 650 Artemis, падняўся зь літоўскага аэрадрому ў Шаўлях для інспэктаваньня паветранай прасторы над Латвіяй, Літвой і Польшчай праз «Сувальскі калідор», трэці, таксама Bombardier Challenger 650 Artemis, прыляцеў з Румыніі і вывучаў сытуацыю паблізу Калінінградзкай вобласьці.

Яшчэ адзін самалёт-выведнік Каралеўскіх вайскова-паветраных сілаў Вялікай Брытаніі Boeing RC-135W Rivet Joint накіраваўся ў краіны Балтыі з авіябазы Waddington.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG