Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, колькі беларусаў атрымалі ўкраінскае грамадзянства, а колькі іх выправадзілі з краіны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У той жа час у Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны не паведамілі, ці выправоджвалі беларусаў менавіта ў Беларусь.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе (ДМС) Украіны паведамілі Свабодзе, што цяпер у краіне жывуць 11 016 грамадзян Беларусі, якія маюць дазвол на сталае жыхарства, і 3 030 — на часовае.

«Цягам шасьці месяцаў 2025 году 11 грамадзянам Беларусі адмовілі ў выдачы дазволу на сталае жыхарства ва Ўкраіне (пры выдачы ўпершыню), 3 — у выдачы дазволу на часовае жыхарства (пры выдачы ўпершыню) і 4 — у выдачы дазволу на часовае жыхарства (пры абмене)», — адзначаецца ў адказе міграцыйнай службы Ўкраіны на запыт Беларускай службы Радыё Свабода.

Такім чынам, у 2025 годзе колькасьць беларусаў, якія маюць права на сталае жыхарства ва Ўкраіне, павялічылася на 15,05% у параўнаньні з 2020-м і на 23,8% паменела тых, хто атрымаў часовы дазвол (на адзін год з правам далейшага падоўжаньня).

Хто атрымаў грамадзянства Ўкраіны

Старшыня Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка паведаміла, што сёлета за паўгоду 32 чалавекі з грамадзянствам Беларусі атрымалі грамадзянства Ўкраіны.

Сярод іх:

  • 18 чалавек на падставе тэрытарыяльнага паходжаньня;
  • 1 чалавек — паводле нараджэньня;
  • 2 чалавекі — на падставе дамовы паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь;
  • 4 чалавекі — на падставе ўказу прэзыдэнта Ўкраіны;
  • 2 чалавекі — на падставе апекі і дагляду дзяцей;
  • 3 дзяцей — на падставе ўкраінскага грамадзянства іхных бацькоў або аднаго зь іх;
  • 2 чалавекі — на падставе прызнаньня бацькоўства ці мацярынства.


У той жа час, як падкрэсьлілі ў ДМС, асобна статыстыка колькасьці пададзеных заяваў аб набыцьці грамадзянства Ўкраіны не зьбіраецца і ня ўлічваецца.

«Апроч таго, улік асобаў паводле падставаў атрыманьня грамадзянства Ўкраіны іншаземцамі і асобамі без грамадзянства, якія бяруць удзел у абароне тэрытарыяльнай цэласнасьці і недатыкальнасьці Ўкраіны, у ДМС асобна не вядзецца», — адказвае міграцыйная служба.

Найбольш імаверна, што беларускія добраахвотнікі атрымлівалі грамадзянства Ўкраіны на падставе ўказу прэзыдэнта.

У той жа час у адказе не ўдакладняюць, колькім грамадзянам Беларусі адмовілі ў грамадзянстве Ўкраіны.

Колькі беларусаў выправадзілі і куды

З 1 студзеня 2020 году да 31 сьнежня 2024 году Ўкраіна прымусова вярнула 360 грамадзян Беларусі і яшчэ 32 — выправадзіла прымусовым чынам праз парушэньне правілаў знаходжаньня іншаземцаў на ўкраінскай тэрыторыі.

За першыя паўгоду 2025 году 15 грамадзян Беларусі выехалі з Украіны паводле працэдуры прымусовага вяртаньня і 6 — прымусова выправаджаныя (ва Ўкраіне няма такога юрыдычнага паняцьця, як дэпартацыя. — РС).

У той жа час у Дзяржаўнай міграцыйнай службе не паведамілі, у якія краіны прымусова вярталі або выправоджвалі беларусаў, бо такой статыстыкі не вядуць.

Пры гэтым асобна зьвярнулі ўвагу, што пры ўхваленьні рашэньня аб вяртаньні ці выправаджэньні ўлічваюцца ўсе абставіны справы, у тым ліку прадугледжаныя нацыянальным заканадаўствам аб забароне выправаджэньня ў тыя краіны, дзе іх жыцьцю і свабодзе пагражае небясьпека паводле прыкметаў расы, рэлігіі, нацыянальнасьці, грамадзянства, прыналежнасьці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананьняў, а таксама ў тыя краіны, дзе ім пагражае сьмяротнае пакараньне, катаваньне і жорсткае абыходжаньне, а таксама небясьпека жыцьцю і свабодзе праз сыстэматычнае парушэньне правоў чалавека.

У Дзяржаўнай міграцыйнай службе Ўкраіны нагадалі, што прымусовае вяртаньне прадугледжвае для іншаземца магчымасьць добраахвотна выехаць з Украіны за 30 дзён, а калі ён адмаўляецца гэта зрабіць — выкарыстоўваецца працэдура прымусовага выправаджэньня. На час арганізацыі выправаджэньня іншаземца могуць зьмясьціць у пункты часовага знаходжаньня ў сыстэме Дзяржаўнай міграцыйнай службы.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, цяпер у такіх пунктах знаходзяцца чацьвёра грамадзян Рэспублікі Беларусь.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG