Дональд Трамп увёў новыя мыты для дзясяткаў краін.
Перад 1 жніўня, апошнім прызначаным Дональдам Трампам крайнім тэрмінам для заключэньня новых дамоўленасьцяў аб гандлі з ЗША, амэрыканскі прэзыдэнт падпісаў указ аб уводзе імпартных мытаў у памеры ад 10% да 41% для 69 краін і тэрыторыяў і Эўразьвязу.
Мыты, названыя ва ўказе «ўдакладненымі адказамі», уступяць у сілу празь сем дзён, і толькі для Канады яны ўступаюць у сілу адразу.
Пры гэтым Канадзе Трамп павысіў мыты з 25% да 35%, піша АР. Праўда, гэтыя мыты не пашыраюцца на тавары, якія рэглямэнтуе гандлёвае пагадненьне ЗША, Мэксыкі і Канады USMCA — гэта перш за ўсё прадукцыя цалкам з паўночнаамэрыканскай сыравіны або прадукцыя глыбокай перапрацоўкі з імпартнай сыравіны.
Найвышэйшыя мыты атрымала Сырыя — 41%, а таксама Лаос і Бірма — па 40%. Найніжэйшыя — 10% — Вялікая Брытанія, піша ВВС.
У графе «Бразылія» ў апублікаваным Белым домам сьпісе таксама фігуруюць 10%, хаця днём раней Трамп падпісаў указ аб 50-працэнтным зборы на імпарт з гэтай краіны.
Эўразьвяз і ЗША раней у ліпені дасягнулі найбуйнейшай дамовы ў сфэры гандлю, паводле якой імпартныя мыты ЗША для ЭЗ складуць 15%, а ня 30%, як было б, калі б да пагадненьня прыйсьці не ўдалося.
Трамп таксама заявіў, што ЭЗ пагадзіўся купіць энэргарэсурсаў з ЗША на 750 мільярдаў даляраў, інвэставаць яшчэ 600 мільярдаў у эканоміку Злучаных Штатаў, а таксама закупляць у ЗША зброю.
Раней ЗША дасягнулі падобных дамоўленасьцяў — аб мытах у 15% замест 30% — зь Японіяй.