Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які аднаўляе незалежнасьць антыкарупцыйных органаў


Вярхоўная Рада Ўкраіны
Вярхоўная Рада Ўкраіны

Рашэньню папярэднічалі пратэсты ў многіх гарадах Украіны.

Як паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода, Вярхоўная Рада прыняла за аснову і ў поўным аб’ёме законапраект прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб «умацаваньні паўнамоцтваў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры».

Рашэньне падтрымаў 331 дэпутат. Акрамя таго, дэпутаты падтрымалі неадкладную перадачу законапраекту на подпіс прэзыдэнту .

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода зь месца падзеяў, 31 ліпеня ўва ўрадавым квартале Кіева сабраліся пратэстоўцы, заклікаючы дэпутатаў падтрымаць новы закон. Напярэдадні камітэт праваахоўнай дзейнасьці парлямэнту рэкамэндаваў прыняць прэзыдэнцкі дакумэнт за аснову і ў поўным абʼёме. Камітэт таксама разгледзеў шэсьць альтэрнатыўных законапраектаў і адхіліў іх.

Некалькі дзён запар у Кіеве, Львове, Харкаве, Дніпры, Запарожжы, Адэсе і іншых гарадах Украіны зьбіраліся людзі, каб заклікаць улады ўхваліць законапраект аб узмацненьні паўнамоцтваў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны (НАБУ) і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры (САП).

Раней парлямэнт і прэзыдэнт былі пазбавілі незалежнасьці важныя для барацьбы з карупцыяй структуры. 22 ліпеня Вярхоўная Рада падтрымала законапраект, які абмяжоўваў незалежнасьць НАБУ і САП. Старшыня НАБУ Сямён Крыванос заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны накласьці вэта на законапраект, але Зяленскі падпісаў яго ў той жа дзень. Гэтыя заканадаўчыя зьмены выклікалі пратэсты ва Ўкраіне, а таксама занепакоенасьць заходніх партнэраў.

Пасьля гэтага прэзыдэнт Зяленскі ўнёс у Раду новы законапраект «Аб узмацненьні паўнамоцтваў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры».

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро станоўча ацаніла законапраект, унесены прэзыдэнтам. Паводле ацэнкі антыкарупцыйных органаў, ён аднаўляе ўсе працэсуальныя паўнамоцтвы і гарантыі незалежнасьці НАБУ і Спэцыялізаванай антыкарупцыйнай пракуратуры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG