Вайскоўцы Літвы раней выказалі сумнеў у тым, што 28 ліпеня над тэрыторыяй Літвы праляцеў дрон, але жыхары Вільні зафіксавалі дрон над горадам — у раёне Фаб‘янішкі (Fabijoniškės).
Жыхара, які зрабіў відэа дрона, знайшоў партал Delfi.
Наконт дрона галоўны вайскавод Літвы Раймундас Вайкшнарас у аўторак 29 ліпеня заявіў, што правяраюцца ўсе магчымыя варыянты, у тым ліку вэрсія, што ніякі аб‘ект у Літву не прылятаў і што гэта фэйк. З словаў камандуючага, ёсьць падазрэньні, што відэа з дронам папраўдзе былі зьнятыя ва Ўкраіне.
Аднак выданьне Delfi атрымала відэа, на якім дрон зафіксаваны ў Вільні, над Фаб‘янішкамі.
Аўтэнтычнасьць іншага відэа, якое было зроблена ў суседнім раёне Пашылайцях (Pašilaičiai), ужо даказалі аналітыкі OSINT, як паведамляе літоўскі партал.
«Пакуль ідуць апытаньні жыхароў, якія першымі ўбачылі, пачулі ці яшчэ нешта заўважылі і паведамілі ў Аб’яднаны цэнтар дапамогі. На сёньня складваецца ўражаньне, што большасьць нічога не бачыла, але нешта чула. А тое, што было пададзена ў выглядзе відэазапісаў, таксама дастаткова двухсэнсоўная інфармацыя, маем падазрэньні, што відэа зробленыя ва Украіне», — паведаміў Вайкшнарас учора Літоўскаму радыё і тэлевізіі LRT.
Delfi ж гаварыў з адным з відавочцаў, Лукасам, які падзяліўся відэа ў сацыяльных сетках. Ён абураны заявамі вайскавода, сказаў, што ў яго няма падставаў распаўсюджваць фэйкаў, бо ён сам працуе ў дзяржаўнай установе. Лукас разьмясьціў відэа ў сацыяльных сетках, а потым перадаў паліцыі. Але з паліцыі зь ім пакуль ніхто не зьвязаўся.
28 ліпеня раніцай у Літву заляцеў неапазнаны дрон, яго заўважылі ў раёне Вільні. Паліцыя разаслала жыхарам Вільні sms-папярэджаньні, у якіх гаворыцца, што дрон прыляцеў зь Беларусі і што пры выяўленьні бесьпілётніка рэкамэндуецца трымацца ад яго далей і паведаміць на нумар тэрміновых службаў 112. Але дагэтуль дрон не знайшлі.
Форум