Да гэтага мы павінны былі вельмі дакладна дамовіцца, якую рызыку мы бярэм на сябе, зьнішчаючы аб’екты, якія патэнцыйна не ствараюць пагрозы, — цытуе міністарку Delfi. — Гэта значыць ацаніць узровень пагрозы, якая ідзе ад гэтага абʼекта, і шкоду ад яго зьнішчэньня, калі ў нас не адрэгулявана (...) кіраваньне той жа грамадзянскай паветранай прасторай. Мы рэзка пачалі вырашаць гэтую праблему пару месяцаў таму, і празь некалькі тыдняў у нас будзе вынік».
Паводле Шакелене, цяпер ідуць закупкі абсталяваньня для нэўтралізацыі бесьпілётнікаў. «Тое, што мы цяпер робім, калі я знаходжуся на гэтай пасадзе, — мы закупляем акустычныя радары, паскараем закупкі зброі, і гэтыя працэсы працягваюцца», — патлумачыла міністарка.
Міністарка таксама адказала на параўнаньне сытуацыі ў Літве зь Беларусьсю, дзе 29 ліпеня ўлады паведамілі, што зьбілі бесьпілётнік у Менску.
«Сытуацыя ў Беларусі іншая, чым у Літве — ніхто не турбуецца пра тое, што яшчэ пацярпіць ад стральбы направа і налева ў паветранай прасторы. Гэта дакладна ня першы і не апошні зьнішчаны імі бесьпілётнік. Гэта адбываецца пэрыядычна. Колькасьць іншая, чым у нас», — заявіла міністарка пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Гітанасам Наўседам.
Між тым, камандуючы войскамі Літвы Раймундас Вайкшнарас зьвярнуў увагу на тое, што бесьпілётнік быў зьбіты толькі ў Менску, праляцеўшы больш за 300 км над Беларусьсю.
«Вы паглядзіце, ён 300 км праляцеў, яго зьбілі толькі пад Менскам. Гэта ні ў якім разе не апраўданьне, зразумейце правільна, але ў іх таксама ёсьць праблемы», — цытуе Вайкшнараса Delfi.
Форум