Павелічэньне дапамогі на дзяцей
Дапамога ў доглядзе дзіцяці да 3 гадоў вырасьце з 1 жніўня на 8,2%:
- на першае дзіця — 931,91 рубля (+70,49 рубля);
- на другога і наступных дзяцей — 1065,04 рубля (+80,56 рубля);
- на дзіця-інваліда — 1198,17 рубля (+90,63 рубля).
Такія памеры дапамогі будуць дзейнічаць па 31 студзеня 2026 году. Сумы залежаць ад сярэдняга заробку ў краіне.
Новы бюджэт пражытковага мінімуму
З 1 жніўня плянава пераглядаецца бюджэт пражытковага мінімуму. Ад гэтай велічыні залежаць пэўныя сацыяльныя выплаты, надбаўкі і павышэньні. Апошні раз БПМ павялічвалі з 1 траўня, цяпер у сярэднім на душу насельніцтва ён складае 462,58 рубля.
Зьмены ў банках
Некалькі банкаў, якія працуюць у Беларусі, увядуць з новага месяца зьмены ў працы з кліентамі і службамі. У прыватнасьці, «Беларусбанк» для абароны ад махляроў з 4 жніўня ўвядзе ліміты на зьняцьце грошай з выкарыстаньнем лічбавых рэквізытаў. З картак «Бархат» можна будзе атрымаць ня больш за 600 рублёў цягам дня, зь іншых — ня больш за 1000 рублёў. Гэтыя ліміты можна будзе зьняць, калі сам кліент патэлефануе ў кантакт-цэнтар ці ў аддзяленьне банку.
Пра іншыя зьмены банкі абвяшчалі цягам ліпеня.
Новыя правілы складак на сацыяльнае страхаваньне
Зьмены ў сыстэме сацыяльнага страхаваньня і пэнсійнага забесьпячэньня адбудуцца з 18 жніўня.
Самазанятыя, якія плацяць падатак на прафэсійны даход, змогуць на ўласнае жаданьне даплачваць складкі на пэнсійнае страхаваньне. Такім чынам яны змогуць сфармаваць страхавы стаж для працоўнай пэнсіі і ня трапіць у «пэнсійную пастку».
Для ІП уводзіцца больш гнуткая сыстэма: памер складак у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) будзе залежаць ад іх фактычных даходаў. Індывідуальныя прадпрымальнікі будуць выплачваць 35% фактычнага даходу, калі іхны даход за год меншы за 12 мінімальных заробкаў. Калі гадавы даход ІП складзе ад 12 мінімальных заробкаў і вышэй, то складкі выплачваюцца з 12 «мінімалак» або, на жаданьне ІП, з большай сумы ў памеры 35%.
Зьявіцца асобны парадак выплаты складак у ФСАН, калі выявяць заробкі «ў канвэртах». Для наймальнікаў складкі палічаць паводле новай схемы, больш жорсткай. Для работнікаў, якія атрымліваюць зарплату «ў канвэртах», у страхавы стаж для пэнсіі будуць залічвацца выплаты з памеру мінімальнай заработнай платы.
Новыя правілы ўвозу аўтамабіляў для юрыдычных асобаў
З 9 жніўня набудуць моц новыя правілы ўвозу аўтамабіляў у краіну для юрыдычных асобаў. Аўтамабілі з рухавіком унутранага згараньня, якія ўвозяцца партыямі больш за 150 штук, павінны будуць атрымліваць ухвалу тыпу транспартнага сродку (УТТС).
Для электрамабіляў новыя правілы запрацуюць з 1 студзеня 2026 году. Атрыманьне УТТС — даволі дарагая працэдура, імпартэру яна зараз абыходзіцца ў 100-150 тысяч рублёў. Для буйных імпартэраў гэта пад’ёмныя сумы, дробным гульцам будзе складаней, адзначалі прадстаўнікі аўтабізнэсу.
Для фізычных асобаў у парадку ўвозу аўтамабіляў нічога ня зьменіцца.
Паступленьне ў школы, каледжы і ВНУ
15 жніўня школы і гімназіі заканчваюць прымаць дакумэнты ад бацькоў будучых першаклясьнікаў, якія жывуць на тэрыторыі мікрараёнаў, да іх прымацаваных. У гэтыя ж тэрміны можна падаць заявы на вольныя месцы для дзяцей, якія не жывуць у мікрараёне. У выпадку залічэньня ім трэба 16–28 жніўня падаць астатнія дакумэнты.
17 жніўня скончыцца прыём дакумэнтаў у дзясятыя клясы школаў і гімназіяў.
Каледжы прымаюць да 1 жніўня дакумэнты ў выпускнікоў дзявятых клясаў на ўзровень сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, на платныя месцы — да 6 жніўня. Выпускнікі адзінаццатых клясаў могуць падаць дакумэнты на бюджэтную форму да 12 жніўня, на платную форму — да 14 жніўня. Дзевяціклясьнікам, якія будуць здаваць уступныя іспыты, дакумэнты трэба прынесьці да 1 жніўня, адзінаццаціклясьнікам — да 6 жніўня. Для выпускнікоў дзявятых клясаў уступныя іспыты пройдуць з 2 да 7 жніўня, адзінаццатых — з 7 да 10 жніўня. Першую катэгорыю абітурыентаў на бюджэтныя месцы залічаць да 5 жніўня, на платныя — да 15 жніўня, другую — да 9 і 17 жніўня адпаведна.
Прыём дакумэнтаў на платную форму навучаньня ў ВНУ скончыцца 1 жніўня. Залічэньне платнікаў завершыцца 3 жніўня.
Акрамя таго, на 18 і 20 жніўня прызначаныя рэзэрвовыя дні цэнтралізаванага экзамэну.
Новы прызыў у войска
Ад жніўня ў Беларусі будзе ісьці чарговы прызыў на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзэрве. Ён скончыцца ў лістападзе.
Адначасова з прызывам будуць звольненыя ў запас тыя, хто скончыў тэрміновую вайсковую службу.
Форум